Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікаў каманды А.Мілінкевіча выдаляюць з выбарчых участкаў


Радыё Свабода Сёньня раніцай на 13-м выбарчым участку Цэнтральнага раёну Менску, дзе галасуе спадар Мілінкевіч, старшыня камісіі выдаліў назіральніка за тое, што той пісаў яму скаргі на парушэньні заканадаўства і сказаў, што гэтыя скаргі будзе таксама перадаваць міжнародным назіральнікам АБСЭ. Гэта старшыня камісіі расцаніў як пагрозу і гвалтам, з дапамогай міліцыі, выдаліў назіральніка.

Раніца ў штабе кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча пачалася з аналізу вынікаў папярэдняга галасаваньня. Гэтыя зьвесткі паступаюць з усіх рэгіёнаў краіны ад болей як дзьвюх тысяч назіральнікаў каманды Мілінкевіча.

Кіраўнік юрыдычнай службы штабу Уладзімер Лабковіч выказвае зьдзіўленьне датэрміновай актыўнасьцю выбарнікаў у асобных гарадах і вёсках краіны. Так, у горадзе Жлобіне, паводле падліку назіральнікаў каманды Мілінкевіча, да 19 сакавіка прагаласавалі болей за 50 працэнтаў.

Спадар Лабковіч таксама кажа, што ўжо ў першую гадзіну галасаваньня ўзьніклі шматлікія непаразуменьні паміж назіральнікамі і старшынямі ўчастковых выбарчых камісіяў.

(Лабковіч: ) “Шмат фактаў сьведчаць пра абсалютную юрыдычную непадрыхтаванасьць камісіяў да працы з назіральнікамі. Пытаньні прыходзіцца здымаць праз Цэнтральную выбарчую камісію, якая тлумачыць участковым камісіям, каб яны давалі нашым назіральнікам магчымасьць прысутнічаць на ўчастках.

Асабліва паказальнай зьяўляецца сытуацыя ў Барысаве, дзе болей як 15 выбарчых участкаў адмовіліся дапусьціць нашых назіральнікаў, таму што яны былі зарэгістраваныя ўчора, хаця, паводле закону, такая рэгістрацыя можа адбывацца за дзень да выбараў. Таксама ўжо ёсьць шмат выпадкаў, калі выдаляюць назіральнікаў з участку паводле тых ці іншых прычынаў.

Напрыклад, сёньня раніцай на 13-м выбарчым участку Цэнтральнага раёну Менску, дзе галасуе спадар Мілінкевіч, старшыня камісіі выдаліў нашага назіральніка за тое, што той пісаў яму скаргі на парушэньні заканадаўства і сказаў, што гэтыя скаргі будзе таксама перадаваць міжнародным назіральнікам АБСЭ. Гэта старшыня камісіі расцаніў як пагрозу і гвалтам, з дапамогай міліцыі, выдаліў нашага назіральніка. У нас ёсьць ужо зь дзесятак такіх выпадкаў, калі старшыні камісіяў за тое, што назіральнікі пішуць скаргі, выдаляюць іх з выбарчых участкаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG