Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Economist: “Беларусі наканаваная дэмакратыя”


Радыё Свабода Брытанскі тыднёвік Economist зьмясьціў вялікі артыкул пад загалоўкам “Размахваньне сьцягамі джынсовага колеру” пра перадвыбарчую сытуацыю ў Беларусі і магчымыя сцэнары разьвіцьця падзеяў пасьля выбараў.

Economist падрабязна паведамляе пра хаду перадвыбарчай кампаніі, настроі сярод выбарцаў, затрыманьні прадэмакратычных актывістаў, прапаганду за Лукашэнку ў дзяржаўных СМІ, закрыцьцё незалежных выданьняў і ліквідацыю недзяржаўных арганізацыяў. Паводле Economist''а, не зважаючы на ўсе грозныя заявы, Злучаныя Штаты маюць адносна невялікі ўплыў на падзеі ў Беларусі. Большыя магчымасьці ўзьдзеяньня на Лукашэнку мае Эўразьвяз. Аднак каб паўплываць на разьвіцьцё падзеяў гэтак, як было ў выпадку Ўкраіны, трэба мець матывы і сродкі. У выпадку Беларусі іх няма.

Улічваючы залежнасьць Беларусі ад паставак расейскіх энэрганосьбітаў і папулярнасьць расейскіх тэлеканалаў ў Беларусі, рэальны ўплыў на падзеі ў Беларусі можа мець толькі Расея. Пуцін мог бы пазбыцца Лукашэнкі, але ён гэтага ня хоча. Канкурэнты Лукашэнкі таксама запэўніваюць аб сваім прыязным стаўленьні да Масквы, але гэта яшчэ не праверана. Калі ў 2004 годзе Лукашэнка раззлаваў Расею, тая адрэзала пастаўкі паліва, але толькі на кароткі час. Відавочна, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі адбываюцца ня ўлетку, а цяпер паводле прапановы Пуціна. Ён не хацеў дадатковага клопату ў часе калі ў Санкт-Пецярбургу будзе адбывацца саміт “вялікай васьмёркі”. Лукашэнка выгадны Расеі як лябараторыя аўтарытарных ідэяў, якія Масква можна пераняць у Беларусі, а таксама як буферная зона паміж Расеяй і НАТО. Як кажа лідэр АГП Анатоль Лябедзька, “Пуцін ня любіць Лукашэнку, але яшчэ болей ня любіць рэвалюцыяў”. Пуцін ня любіць, каб нехта ўрываўся ў расейскую сфэру ўплываў. Расейскі прэзыдэнт любіць паўтараць, што Расея падтрымлівае не Лукашэнку але братнюю Беларусь, але гэта не зусім так, піша брытанскі тыднёвік Economist.

Паводле аўтара публікацыі, час працуе не на карысьць Лукашэнкі. Ягоны верны электарат вымірае. Можна спрабаваць ізаляваць грамадзянаў краіны ад кантактаў і інфармацыі з Захаду, але ў эпоху інтэрнэту цяжка гэта цяжка зрабіць. Гаспадарчы цуд за расейскія грошы ня будзе працягвацца вечна. Паводле выданьня, рэжым Лукашэнкі беспэрспэктыўны. Нават з пункту погляду сваёй шматвяковай гісторыі даўжэйшай за расейскую Беларусі наканаваная дэмакратыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG