Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: сябра каманды Мілінкевіча арыштавалі на 4 сутак


Радыё Свабода, Віцебск Суд Чыгуначнага раёну асудзіў Кастуся Смолікава, старшыню гарадзкой арганізацыі БНФ, сябра ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча, за непадпарадкаваньне міліцыянтам.

Па сканчэньні суду арыштаванага на некалькі хвілін завезьлі дахаты — пераапрануцца ды сабраць самыя неабходныя рэчы. Тым часам ён пасьпеў сказаць некалькі слоў для запісу.

(Смолікаў: ) “ Мне даюць чацьвёра сутак за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Таму – трымайцеся там. Неўзабаве я да вас далучуся!”

Спадара Смолікава затрымалі сёньня аб 11-й раніцы на транспартным прыпынку на вул.Касманаўтаў — без патлумачэньня хоць якіх прычын. Вядома, Смолікаў адмаўляўся ехаць у пастарунак. Але празь які час у Чыгуначным райаддзеле на яго ўжо складалі адпаведны пратакол.

Запрошаны ў суд адвакат Вячаслаў Праскаловіч нічым дапамагчы апазыцыйнаму актывісту ня здолеў. Дый прысутнасьць Хрыстафора Жаляпава, кіраўніка віцебскага штабу Мілінкевіча, для Кастуся Смолікава сталася хіба толькі маральнай падтрымкай.

Спадар Жаляпаў пэўны, што затрыманьні й арышты ў Віцебску, як і па ўсёй Беларусі, ёсьць агульнай карнай акцыяй, скіраванай супраць апазыцыянэраў.

(Жаляпаў: ) “Уражаньне такое, што “зачышчаюць” нас усіх, каб у пэўны момант не было каму кіраваць працэсам! На Віцебшчыне ўжо “сядзяць” пяцёра нашых. Праўда, ад іншых некаторых абласьцей мы тут яшчэ “адстаём”.

Яшчэ адзін прыхільнік Мілінкевіча, затрыманы ўчора Сяргей Парсюкевіч, назіральнік мясцовай выбарчай камісіі, быў выкліканы сёньня ў суд, але працэс мусілі адкласьці — з прычыны ягонае хваробы.

Апрача сябраў каманды Мілінкевіча, якім суды далі “суткі”, на Віцебшчыне адбываюць пакараньне яшчэ двое прыхільнікаў Аляксандра Казуліна: кіраўнік ягонага аршанскага штабу Васіль Берасьнеў і асуджаны ўчора ў Віцебску праваабаронца Валеры Шчукін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG