Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Ніна Асіненка


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Увосень 1945 году новы дырэктар Пастаўскай пэдагагічнай вучэльні тав.Фішкін распарадзіўся перавесьці выкладаньне на расейскую мову. За адказы па-беларуску было загадана зьніжаць адзнакі. Пратэстуючы супраць русіфікацыі, група студэнтаў стварыла нелегальную арганізацыю “За Беларусь”. Яна мела на мэце “бараніць родную мову, беларускую культуру, нацыянальныя традыцыі й самабытнасьць”.

Сярод заснавальнікаў была Ніна Асіненка, якая ўзяла сабе кансьпірацыйную мянушку Незабудка. У яе на кватэры ў сакавіку 1946-га і адбылася моладзевая вечарына, на якой ўрачыста абвясьцілі пра існаваньне арганізацыі. Зрабіў гэта нарачоны Незабудкі Мікола Асіненка. Праз два тыдні ў яго роднай хаце ў вёсцы Рамелькі Пастаўскага раёну перад бел-чырвона-белым сьцягам і выяваю “Пагоні” маладыя нелегалы прынялі прысягу. Неўзабаве яны аб’ядналіся з глыбоцкімі студэнтамі-аднадумцамі ў Саюз Беларускіх Патрыётаў.

Ім заставаўся ўсяго адзін год волі.

На судовым працэсе ў Менску Мікола Асіненка (мянушка Крывіч), каб выратаваць каханую, адмаўляў яе ўдзел у СБП, ды Незабудка заявіла, што была ў арганізацыі й хоча разьдзяліць зь сябрамі іх лёс.

Самы справядлівы ў сьвеце суд адмераў ёй 10 гадоў зьняволеньня. Але самае страшнае было ня гэта. Сустрэча зь любым Міколам адтэрміноўвалася на цэлую вечнасьць: нарачонага прысудзілі да расстрэлу, які замянілі 25 гадамі няволі.

Сьмерць Сталіна скараціла расстаньне дзьвюх родных душаў. Аднак бальшавіцкія канцлягеры, якія ў жорсткасьці не саступалі нацысцкім, падарвалі Нініна здароўе. Яе жыцьцё заўчасна дагарэла. Ня маючы змогі забыць сваю Незабудку, Мікола падаўся на будаўніцтва БАМу й назусім зьнік зь відавоку сяброў.

Сэрца заходзіцца, калі думаеш пра тое, колькі іх, сьветлых, чыстых, адданых Радзіме, не пасьпелі зрабіць глытку свабоды, ня ўбачылі нашыя сьцягі над Домам ураду і шматтысячнымі маніфэстацыямі.

Русіфікацыйная палітыка цяперашняй улады ў тым ліку – і найперш – у сфэры адукацыі стварае падставы для ўтварэньня арганізацыяў кшталту той, што паўстала 60 гадоў таму ў Паставах. Вось толькі назвы ў іх будуць іншыя. Заклік “За Беларусь!” цынічна прысабечаны рэжымам і ягонымі паслугачамі. Іхняя Беларусь – гэта Беларусь без беларускае мовы й культуры, а значыць, урэшце, і без беларусаў. Але, як казаў адзін клясык, паглядзім, што скажуць самі беларусы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG