Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэрэра-Вальднэр: "Ацэнка выбараў толькі пасьля галасаваньня"


Радыё Свабода Камісар Эўразьвязу ў замежных сувязях і палітыцы эўрапейскага суседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр сёньня ў інтэрвію Радыё Свабода адзначыла шэраг праблемаў і складанасьцяў ў часе выбарчай кампані ў Беларусі. Аднак паводле эўракамісара, канчатковы вэрдыкт Эўразьвязу наконт прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі будзе зроблены па завяршэньні галасаваньня.

(Радыё Свабода: ) “Ці ёсьць яшчэ шанец, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі будуць свабоднымі і справядлівымі, нягледзячы на хвалю рэпрэсій?”

(Фэрэра-Вальднэр: ) "Канешне, мы бачым, і мы вельмі занепакоеныя тым, што ёсьць вельмі шмат цяжкасьцяў, недахопаў і складаных момантаў. Але я лічу, што мы павінны даць ацэнку выбараў толькі пасьля галасаваньня. І натуральна, місія АБСЭ зробіць сваё заключэньне ў панядзелак пра хаду ўсёй кампаніі – як напярэдадні так і, канешне, ў дзень галасаваньня. І мы будзем глядзець на гэтыя высновы”.

(Радыё Свабода: ) “Ці можа Эўразьвяз што-небудзь параіць беларускім выбарнікам напярэдадні галасаваньня, напрыклад, галасаваць ці не галасаваць, удзельнічаць у пратэстах ці не ўдзельнічаць?”

(Фэрэра-Вальднэр: ) "Гэта павінна быць рашэньне кожнага выбарніка, і канешне, мы ня можам прыняць рашэньне за іх. Я спадзяюся, што яны мелі шырокую карціну інфармацыі і ў іх краіне, і за яе межамі. Сапраўды, часам, як вы ведаеце, падавалася выбраная інфармацыя. Канешне, выбарчае права – гэта вельмі важнае права, якое кожны можа рэалізаваць”.

(Радыё Свабода: ) “Што Эўразьвяз можа паабяцаць зрабіць для Беларусі ў будучым, улічваючы тое, што ўжо відавочная перамога Лукашэнкі на выбарах?”

(Фэрэра-Вальднэр: ) "З аднаго боку мы, канешне, абмяркуем гэта на наступнай радзе міністраў замежных справаў краінаў Эўразьвязу ў Брусэлі ў панядзелак. І ў той жа час мы ня можам выключаць пашырэньня санкцый у дачыненьні да тых, хто нясе адказнасьць за парушэньне дэмакратычных нормаў, правоў чалавека і за фальсыфікацыю выбараў – калі гэта так будзе. Зь іншага боку, мы натуральна, хацелі б кантактаваць з беларускімі людзьмі. Мы працуем з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Напрыклад з Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам у Вільне пасьля закрыцьця ягонага офісу ў Менску. У будучым мы павінны знайсьці магчымыя шляхі і сродкі дапамагчы грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, і я бачу сярод нашых партнэраў недзяржаўныя арганізацыі”.

(Радыё Свабода: ) “Ці падтрымлівае эўракамісар ў замежных сувязях і палітыцы эўрапейскага суседзтва прапанову, каб Эўразьвяз выдаткоўваў болей сродкаў на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці ў абыход беларускага ўраду?”

(Фэрэра-Вальднэр: ) "Мы вырашым гэта пасьля выбараў. Я мяркую, што цяпер дазвольце нам назіраць за тым, як адбываюцца выбары і толькі потым прыняць рашэньне што да будучыні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG