Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Барсэлёны да Эдынбургу помнікам завязалі вусны


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ўначы сябры арганізацыі Маладыя Эўрапейскія фэдэралісты правялі беспрэцэдэнтную паводле свайго геаграфічнага размаху акцыю ў падтрымку свабодных выбараў – у эўрапейскіх гарадах – ад Барсэлёны да Эдынбургу.

Гэтым разам чынны ўдзел у акцыі ў падтрымку свабодных выбараў узялі... помнікі.

У Стакгольме, Эдынбургу, Брусэлі, Барсэлёне, нямецкім Хэмніц ды іншых эўрапейскіх гарадах помнікам былі завязаныя вусны – да помнікаў прымацавалі плякаты з надпісамі на розных эўрапейскіх мовах – “Беларус мае права выказаць ўласнае меркаваньне”, “Эўропа без дыктатураў!”, “Свабода слова і для Беларусі” ды іншыя.

У Швэцыі ў акцыі бралі ўдел таксама і беларусы, гаворыць адзін зь іх – Алесь.

(Алесь: ) “На помніках павесілі плякаты з надпісамі “Дайце беларусам голас” і заклейвалі помнікам вусны”.

Ёан Марк Сайман – генэральны сакратар Маладых эўрапейскіх фэдэралістаў – арагнізацыі, якая выступае за аб’яднаную, дэмакратычную і фэдэральную Эўропу – сказаў Радыё Свабода, што маладыя эўрапейцы ня могуць заставацца абыякавымі, калі ў Белаурсі мільёны людзей ня маюць магчымасьці свабодна выбраць свайго прэзыдэнта.

(Сайман: ) “Ва ўсёй Эўропе нашыя сябры вельмі ахвотна адгукнуліся на ініцыятыву правесьці такую акцыю. Тое, што помнікам завязалі вусны гэта сымбаль, які сьведчыць аб тым, што ў Беларусі мільёны людзей пазбаўленыя права выказаць тое, што думаюць, узяць удзел у свабодных выбарах. А мы выступаем за свабодныя і дэмакратычныя выбары ў Беларусі”.

Між тым пазаўчора ў Беларусі быў затрыманы былы прэзыдэнт Маладых Эўрапейскіх фэдэралістаў Даніі Йенс Лыткэн, які прыехаў на выбары ў якасьці назіральніка. Беларускія ўлады загадалі яму пакінуць тэрыторыю краіны цягам 48 гадзінаў.

(Сайман: ) “Яго затрымалі супрацоўнікі КДБ, потым трымалі некалькі гадзінаў у пастарунку – гэта добрая ілюстрацыя да “дэмакратычнасьці” гэтых выбараў. Затрымаць замежнага назіральніка а потым змусіць выехаць з краіны”.

Сказаў Радыё Свабода Ёан Марк Сайман – генэральны сакратар Маладых эўрапейскіх фэдэралістаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG