Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра Беларусь пішуць “Liberation” і “Frankfurter Allgemeine Zeitung”


Радыё Свабода Француская газэта “Liberation” сёньня распавядае пра тое, як праходзяць сустрэчы кандыдата аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча з выбарнікамі ў рэгіёнах. Нямецкая “Frankfurter Allgemeine Zeitung” піша пра апошнія арышты апазыцыйных актывістаў у Беларусі, а украінская “Кіеў Пост” зьмяшчае артыкул вядомага славацкага палітоляга Балаша Ярабіка, які аналізуе выбарчую сытуацыю ў Беларусі.

Аўтар артыкулу ў “Кіеў Пост” славацкі палітоляг Балаш Ярабік з Браціслаўскага інстытуту грамадзянскай дэмакратыі адзначае, што Аляксандар Лукашэнка, магчыма, ніколі не зразумее духу Аранжавай рэвалюцыі, аднак, натуральна, ён разумее яе наступствы для сябе.

"Цягам многіх тыдняў беларускія праваахоўныя органы палююць на актывістаў беларускай дэмакратычнай апазыцыі. Практычна кожная сустрэча апазыцыянэраў з выбарнікамі заканчвалася арыштамі. Маладых людзей затрымлівалі ў іхных дамах і абвінавачвалі ў хуліганстве. Лідэры апазыцыі, былыя дэпутаты, звычайныя праціўнікі дзейнага рэжыму і нават украінскія грамадзяне атрымлівалі кароткія тэрміны зьняволеньня, іх нават дэпартавалі з краіны, каб ўпэўніцца, што яны ня будуць мець дачыненьня да выбарчай кампаніі", піша сёньня “Кіеў Пост”.

Відавочна, што цяпер асноўны напрамак дзенасьці Лукашэнкі – гэта не правядзеньне кампаніі пераабраньня, а здушэньне пратэстных настрояў у краіне. Аднак гэта дэманструе, што рэжым рэальна занепакоены нечаканым павелічэньнем пратэстаў. Як адзначаюць назіральнікі, Лукашэнка ніколі не выглядаў такім спалоханным, як цяпер.

“Кіеў Пост” адзначае, што Лукашэнка, канечне, мае падставы адчуваць пагрозу. Крытыка з боку Захаду ягонай дыктатуры і парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі гучыць гучна, як ніколі. Але яшчэ большую занепакоенасьць выклівае ў яго тое, што традыцыйна моцная падтрымка Расеі ягонага рэжыму памяншаецца, як і ягоная папулярнасьць дома.

Эўразьвяз разамі са Злучанымі Штатамі маюць больш прадуманую пазыцыю да цяперашняга рэжыму ў Беларусі, якая выключае прызнаньне трэцяга тэрміну Лукашэнкі, і уключае як мінімум ўвядзеньне санкцый.

Украінскае выданьне піша, што пасьля выбараў Расея можа прымусіць Лукашэнку выканаць ягоныя абяцаньні наконт Саюзнай дзяржавы, да таго ж Расея можа павялічыць кантроль над стратэгічнымі энэргетычнамі аб’ектамі ў Беларусі. А гэта магло б прывесці да паразы Лукашэнкі і страты ім ўлады.

Славацкі палітоляг Балаш Ярабік лічыць, што Лукашэнка сам загнаў сябе ў кут, і ягоны час набліжаецца да канца. Можа быць запозна перамагчы на выбарах 19 сакавіка, аднак, паводле Ярабіка, зьявіўся новы палітычны рух, здольны стаць альтэрнатывай Лукашэнку. Калі Лукашэнка абвесьціць афіцыйныя вынікі зь пераважнай большасьцю галасоў за яго, то ён можа страціць кантроль над беларускім грамадзствам, лічыць палітоляг. І нават калі ён атрымае перамогу ў першым туры зь невялікай перавагай, апазыцыянэры будуць больш ўпэўненыя, як і іхнія выбаршчыкі, якія баіцца аспрэчваць афіцыйныя вынікі выбараў. Гэтыя выбары, верагодна, стануць першым крокам да зьмены рэжыму, прагназуе славацкі палітоляг Балаш Ярабік ў артыкуле ва украінскай газэце “Кіеў Пост”.

***

Француская “Liberation” сёньня друкуе артыкул “Пакончыць са страхам у Беларусі”, прасьвечаны сустрэчам з выбарнікамі кандыдата аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча ў розных гарадах Беларусі. Частка артыкулу прысьвечаная таму, як правакатары спрабуюць сарваць гэтыя сустрэчы. Выданьне распавядае пра выпадак у Мазыры. У залі Дома культуры каля 400 выбарнікаў прыхільна сустракаюць Мілінкевіча, аднак гучаць і агрэсыўныя выкрыкі: “Дзе Вы ўзялі грошы на кампанію?” “Лепш будуйце заводы!”. “Вы маеце шэсьць машынаў, тры дамы і пяць кватэраў” “Заклікаўшы людзей на вуліцы, Вы пральеце кроў”.

“Liberation” піша, што прызвычайшыся да такіх прыёмаў, кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі спакойна кажа, што ўсе ягоныя багацьці – гэта выдумка афіцыйнай прэсы, і бюджэт ягонай кампаніі не перавышае сумы, ўсталяванай законам – 70 мільёнаў беларускіх рублёў. Тады правакатыры дэманстратыўна пакідаюць залу. “Гэта супрацоўнікі мясцовай адміністрацыі”, кажа гандлярка, якая прызнаецца, што ёй страшна заставацца ў залі, паколькі яны ёй падалі знак, што трэба сыходзіць. “Але я засталася, таму што мне надакучыла быць рабыняй. Я хачу, каб мой сын жыў у свабоднай краіне”.

Француская газэта піша пра тры асноўныя лёзунгі праграмы Аляксандра Мілінкевіча – свабода, праўда і справядлівасьць. І кожную ягоную фразу людзі на стадыёне ў Гомелі сустракаюць воплескамі. “Нас – большасьць! Мы пойдзем да канца, кажа Мілінкевіч і чытае адну з запісак: “Гомельская міліцыя з вамі”. Аляксандар Мілінкевіч крануты: “Так, я ведаю, што і ў міліцыі, і ў КДБ шмат тых, хто на нашым баку”.

Аўтар “Liberation” піша, што ўначы вяртаючыся на мікрааўтобусе ў Менск, Аляксандар Мілінкевіч прызнаецца, што сам не чакаў такога прыёму ў Гомелі. “Гэта эфэкт сьпіралі, кажа ён, людзі пачынаюць мяне пазнаваць”.

Ці хопіць гэтага рэсурсу, каб у нядзею аспрэчыць на вуліцы афіцыйныя вынікі выбараў, якія, як ужо загадзя вядома, будуць сьведчыць пра трыюмфальную перамогу Лукашэнкі? Кандыдат на прэзыдэнта прызнаецца, што ня ведае адказу на гэтае пытаньне. “Калі ўвечары нас будзе 10 тысяч, будзе ўжо добра, калі 100 тысячаў – гэта будзе фантастыка. Але што б ня здарылася, мы працягнем барацьбу”.

***

Нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” сёньня піша апошнія арышты ў Беларусі, пра ўчорашняе затрыманьне больш чым 20 апазыцыйных актывістаў, у тым ліку лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. Гэта ўжо другі затрыманы лідэр апазыцыйнай партыі з каманды кандыдата аб’яднанй апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, які знаходзіцца за кратамі за 4 дні да прэзыдэнцкіх выбараў. “Frankfurter Allgemeine Zeitung” піша таксама пра тое, што міжнародным назіральнікам АБСЭ адмовілі ў візах, і апазыцыйныя газэты ня маюць магчымасьці трапіць да чытачоў, паколькі друкарня ў расейскім Смаленску адмовіла ім у гэтым.

“Frankfurter Allgemeine Zeitung” таксама апублікаваў сёньня ліст ад Вацлава Гавэла і Леха Валэнсы ў падтрымку кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG