Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шчукіну далі 7 сутак “за нецэнзурную лаянку” й джынсы


Радыё Свабода, Віцебск Судзьдзя Першамайскага райсуду Вольга Ільлюшонак пастанавіла пакараць вядомага праваабаронца і журналіста “Народнай Волі” Валерыя Шчукіна, грунтуючыся на заявах дзьвюх чыноўніцаў.

Спадарыня Шубіна, старшыня выбарчай камісіі №52, заявіла, што Валеры Шчукін, аформлены на ейным участку назіральнікам, лаяўся на сябраў камісіі. Спадарыня Гулідава, прадстаўніца адміністрацыі Цэнтру эстэтычнага разьвіцьця “Маладзік”, у памяшканьні якога месьціцца выбарчы ўчастак, напісала ў другой заяве, што спадар Шчукін неахайна выглядае і абражае гэтым эстэтычныя пачуцьці наведнікаў.

Валеры Шчукін катэгарычна не пагадзіўся з абвінавачаньнем, да таго ж не знайшлося ніводнага сьведкі, які мог бы пацьвердзіць тое, што Шчукін лаяўся. Пра гэта распавёў прысутны на судзе праваабаронца зь Беларускага Хэльсынскага камітэту Павал Левінаў:

(Левінаў: ) “На пытаньне судзьдзі, на чый канкрэтна адрас Шчукін выражаўся нецэнзурна, ні сябры камісіі, ні дзяжурны міліцыянт нічога дакладна адказаць не змаглі”.

Што да прэтэнзіяў да зьнешнасьці Валерыя Шчукіна, то Павал Левінаў заўважыў:

(Левінаў: ) “У яго быў зьнешні выгляд дакладна такі самы, як і сёньня ў судзе: джынсы, кашуля, пінжак, зьверху — куртка, на нагах — абутак. На мой погляд, гэта нармальны выгляд”.

Спадарыню Гулідаву, якая напісала заяву пра неахайны выгляд Шчукіна, чамусьці асабліва абурылі ягоныя джынсы — яна настойвала, што менавіта яны не адпавядаюць эстэтычным патрабаваньням важнага палітычнага моманту. Мажліва, у яе ўзьнікла нейкая асацыяцыя з “джынсавай рэвалюцыяй”, якой апошнім часам палохаюць гледачоў беларускага тэлебачаньня — такую выснову зрабілі прысутныя ў судзе.

Нягледзячы на намаганьні адразу двух абаронцаў, судзьдзя Вольга Ільлюшонак асудзіла Валерыя Шчукіна на 7 сутак, згадаўшы ў пастанове і лаянку, і джынсы. Абараніць яго ня здолелі ні праваабаронца Павал Левінаў, ні адвакат Міхаіл Замалін, які ня толькі вядомы ў Віцебску юрыст, але й знаны эрудыт, удзельнік інтэлектуальных спаборніцтваў “Свая гульня” і “Што? Дзе? Калі?”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG