Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабода слова ў Беларусі: пазыцыі кандыдатаў у прэзыдэнты


Юлія Шарова, Менск Як кандыдаты на пасаду прэзыдэнта ацэньваюць сытуацыю з свабодаю слова ў Беларусі? Якую палітыку ў мэдыйнай сфэры яны хацелі б праводзіць? Ці ёсьць у іх намер рэфармаваць Міністэрства інфармацыі?

Кандыдат Сяргей Гайдукевіч як лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі выступае за тое, каб забараніць органам дзяржаўнай улады быць заснавальнікамі альбо ўласьнікамі акцыяў мэдыяпраектаў. Ён таксама ставіць на мэце даць усім рэдакцыям падатковыя льготы і льготы па арэндзе. У праграме Лібэральна-дэмакратычнай партыі таксама пазначана, што падкантрольныя дзяржаве СМІ павінны даваць роўныя магчымасьці выказвацца ўсім грамадзкім і палітычным сілам.

Кандыдат Аляксандар Казулін абяцае зрабіць мэдыі сапраўднай “чацьвертай уладай”. Некаторыя погляды на праблему свабоды слова ў Беларусі агучвае чалец выбарчага штабу кандыдата Ўладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “Дзяржаўнай тэлевізіі ня можа быць у краіне, асабліва ў тым выглядзе, у якім існуе гэтая тэлевізія цяпер, як і радыё, і газэты. Трэба гэта ўсё выводзіць, па-першае, на ўзровень грамадзкай тэлевізіі, а па-другое, даваць магчымасьць усё ж мэдыяпраекты рабіць камэрцыйнымі, бо праца ў мэдыясродках – гэта бізнэс, гэта сур’ёзная вельмі праца, і сядзець на іньекцыях дзяржаўных бюджэтных грошай людзям, якія займаюцца інфармацыяй, папросту нават несумленна”.

Прэсавы сакратар выбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітры Косьцін мяркуе, што абсалютна незалежных сродкаў масавай інфармацыі ня можа быць. Абавязак кожнага журналіста – аб’ектыўна асьвятляць падзеі й падаваць інфармацыю, аднак на практыцы гэта не заўсёды працуе, лічыць спадар Косьцін. Неабмежаванай свабоды слова нідзе не існуе, кажа ён.

(Косьцін: ) “Мы часта спасылаемся на Літву. Аднак наконт свабоды слова я скажу як журналіст: дастаткова было двух аб’ектыўных матэрыялаў з узважанай ацэнкай тых падзеяў, якія адбываюцца ў літоўскім грамадзтве, для таго, каб ужо трэці месяц мне як журналісту там не давалі акрэдытацыі”.

Журналісты дзяржаўных і недзяржаўных мэдыяў маюць роўны доступ да інфармацыі, цьвердзіць Дзьмітры Косьцін. Пры гэтым дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі абмежаваныя рамкамі дзейнага заканадаўства, а недзяржаўныя мэдыі, паводле спадара Косьціна, не заўсёды іх прытрымліваюцца: знаходзяць лазы ў заканадаўстве, каб данесьці патрэбную ім інфармацыю. А закрываюцца ў краіне тыя мэдыі, якія папросту няздольныя выжыць у рынкавых умовах, лічыць прадстаўнік выбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі.

Асобныя тэзы праграмы кандыдата Аляксандра Мілінкевіча агучвае намесьнік кіраўніка ягонага штабу Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “Мілінкевіч заявіў, што ня будзе ніякай дзяржаўнай тэлевізіі – будзе грамадзкая тэлевізія. Ня будзе дзяржаўнага радыё – будзе грамадзкае радыё. І ня будзе ніякіх ліцэнзіяў ні на выдавецкую дзейнасьць, ні на арганізацыю сродкаў масавай інфармацыі. Будзе папросту магчымасьць заявіць, што я заснаваў сродак масавай інфармацыі, і такім чынам ён будзе зарэгістраваны, і кожны грамадзянін, кожная арганізацыя, якая захоча інфармаваць нашых грамадзянаў, выдаючы сродак масавай інфармацыі, зможа гэта рабіць”.

Каманда Аляксандра Мілінкевіча выступае таксама за тое, каб скасаваць Міністэрства інфармацыі, зьмяніць “Закон аб СМІ”, забараніць дзяржаве мець пакеты акцыяў забаўляльных радыёстанцыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG