Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчая кампанія ў рэгіёнах: Гомельшчына


Радыё Свабода Пра кампанію на Гомельшчыне гавораць грамадзкія актывісты і радавыя выбарнікі.

Расказвае кіраўнік абласнога штабу Аляксандра Мілінкевіча Ўладзімер Кацора:

(Кацора: ) “Агітацыя ідзе. Сёньня нашу актывістку вызвалі ў суд. На яе тыдні два таму склалі адміністрацыйны пратакол. Ня ведаю, чым скончыцца. А так больш-менш спакойна. Правялі сустрэчу-мітынг: было каля пяці тысяч чалавек у Гомелі. Без правакацыяў прайшло, хаця яны й рыхтаваліся. Але калі пяць тысяч на стадыёне і настрой “толькі за Мілінкевіча”, то калі хто й хацеў нешта зрабіць, то ўжо ня мог.

Гэта была кульмінацыя нашай працы.

Мы выбралі дзевяць участкаў, дзе вядзем маніторынг, назіраем. Людзі з пачатку да канца дня сядзяць. Парушэньні пакуль такія, што камісіі не даюць ніякіх зьвестак аб тым, колькі выбарнікаў паўдзельнічала, колькі прагаласавала... Каб было так выразна відаць, што людзі прымусова ідуць, я пакуль не магу сказаць. Думаю, гэта будзе ў пятніцу. Канец працоўнага тыдня...”

Сочыць за датэрміновым галасаваньнем і кіраўнік гомельскага абласнога штабу Аляксандра Казуліна Сяргей Старычэнка:

(Старычэнка: ) “Жлобін, Рэчыца – вельмі шмат парушэньняў. Не пускаюць на ўчасткі назіральнікаў, скрыні дрэнна апячатаныя. Без назіральнікаў – іх раней апячаталі. У Жлобіне, на БМЗ, начальства гоніць людзей на датэрміновае галасаваньне ў працоўны час. І ў Рэчыцы студэнтаў пэдкаледжу строем прыгналі на ўчастак”.

Давераныя асобы Аляксандра Лукашэнкі на Гомельшчыне – кіраўнік вытворчага аб’яднаньня “Гомсельмаш” спадар Жмайлік і кіраўнік прадпрыемства “Брылёва” спадар Кобрусеў. Нашыя карэспандэнты паспрабавалі зьвязацца з апошнім з названых, аднак у адказ пачулі:

(Кобрусеў: ) “Я заняты, у мяне людзі, нарада!”

А спадар Жмайлік учора агітаваў на Мазырскім дрэваапрацоўчым заводзе і ўвогуле быў недасягальны. У адсутнасьць дырэктара “Гомсельмашу” частку супрацоўнікаў гэтага прадпрыемства адправілі на датэрміновае галасаваньне. Вось што сказала нам работніца прадпрыемства, якая не захацела назвацца:

(Спадарыня: ) “Ну, ня тое каб зусім прымусова... Ён не казаў асабіста, каб за Лукашэнку. Ішла размова аб тым, што “ўсе вы тут разумныя людзі, усе вы добра разумееце, якая сытуацыя патрэбная нам...”

А вось што гаворыць пра выбарчую агіткампанію Яніна Маслава зь вёскі Крупка Лельчыцкага раёну:

(Маслава: ) “Нікога ніколі не было! Памірае вёска... Гэта ж мо ў нядзелю ўжо выбары? А, чорт іх ведае з тымі выбарамі!.. Але ж мо будзем галасаваць? Што ж ты зробіш... Вось гэта нас толькі ратуе – што нам пэнсію даюць. За гэта ім дзякуй. Хто дае грошы, за таго й трэба галасаваць, ну, хто нас корміць... Дрэнна нам, дрэнна!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG