Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне "Свабоды": каму з кандыдатаў вы гатовыя аддаць свой голас?


Радыё Свабода, Віцебск Сёньня на пытаньне пра свой выбар адказваюць жыхары Віцебску.

(Спадарыня: ) “Увогуле, калі шчыра, я яшчэ ня вызначылася, за каго буду галасаваць. Яшчэ літаральна ўчора я была гатовая прагаласаваць за дзейнага прэзыдэнта Лукашэнку: здаецца, ён людзям ільготы дае, і мне вось даў. У мяне чацьвёра дзяцей, і нам далі кватэру. Але вось учора я даведалася, што за гэтую кватэру мы мусім даплаціць яшчэ каля трох тысяч даляраў. Дык якія ж гэта льготы? Відаць, за Лукашэнку я ўсё-ткі галасаваць ня буду, прыгледжуся да іншых кандыдатаў”.

(Дзядуля: ) “Вось мне дужа спадабаўся Мілінкевіч! Але ж мы пэрыфэрыя, як любы раённы цэнтар. Што мы можам? Віцебск нічога ня вырашыць!”

(Дзяўчына: ) “Я зьбіралася галасаваць за Казуліна, але нядаўна рэктар нашага ўнівэрсытэту праводзіў сход і казаў, што ўсе мы мусім прагаласаваць за Лукашэнку. Інакш будуць праблемы ў нас і ў нашых бацькоў. Так што цяпер я дакладна вырашыла: мне ніякія праблемы не патрэбныя. Я буду галасаваць за Лукашэнку”.

(Спадарыня: ) “Напэўна, ува ўсёй Эўропе няма такога прэзыдэнта, які катаецца на лыжах, гуляе ў хакей. І, гледзячы на яго, ува ўсіх расьце аптымізм, зьнікаюць нэгатыўныя думкі. Я буду галасаваць за дзейнага прэзыдэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку”.

(Хлопец: ) “Я – супраць усіх. У нас няма іншага выбару: або супраць усіх, або за “бацьку”. Тэлебачаньне агітуе толькі за гэта: галасуй за “бацьку”. Вы ж паглядзіце, нават канцэрты прысьвячаюцца яму. Або паглядзіце па тэлевізары рэклямы, і ўсё пабачыце. Абдурваюць народ!”

(Спадарыня: ) “Мы стаміліся ўжо ад гэтай “дзеравеншчыны”, ад гэтага дурнога хамскага выхаваньня мы стаміліся! Я абрала сваім кандыдатам Аляксандра Ўладзімеравіча Мілінкевіча. Гэта не “марпех” – гэта дужа разумны, дужа прыстойны, дужа інтэлігентны чалавек! Такі кіраўнік якраз і патрэбны для Беларусі”.

(Спадар: ) “Я буду галасаваць за Мілінкевіча, бо з усіх кандыдатаў ён адзіны сапраўдны прыхільнік беларушчыны. А той чалавек, які калісьці “захварэў” на беларушчыну, сваёй краіне не нашкодзіць!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG