Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскага актывіста пакаралі на падставе сьведчаньняў невядомых


Радыё Свабода, Віцебск Віцебскаму актывісту Віталю Броўку далі 7 сутак “за дробнае хуліганства”. Міліцэйскі патруль затрымаў яго сёньня ноччу па дарозе дадому. Ад пачатку Віталь Броўка меркаваў, што прычынай затрыманьня сталіся падзеі 10-га сакавіка, калі ён прыйшоў у Віцебскі дзяржаўны універсітэт на перадвыбарчы сход студэнтаў-філёлягаў і быў затрыманы міліцыянтамі, якіх выклікаў дэкан факультэту Віктар Несьцяровіч. Спадар Несьцяровіч настойваў, каб Віталя Броўку пакаралі за тое, што ён нібыта меў на мэце сарваць сход. Але тым разам міліцыянты не знайшлі падставаў для абвінавачаньня.

Сёньня судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Валянціна Міхасёва вынесла пастанову пакараць Віталя Броўку за дробнае хуліганства паводле заявы двух нявысьветленых асобаў. На думку прысутнага на судзе юрыста Аляксея Гаўруцікава, падобныя факты ўвогуле ня могуць быць падставай для судовага разьбіраньня.

(Гаўруцікаў:) “Абсурд, абсурд чысьцейшай вады! Міліцыянты, якія яго затрымлівалі, давалі паказаньні ў якасьці сьведак пра тое, што нейкія мужчына і жынчына, чыіх прозьвішчаў яны ня ведаюць і як выглядалі, ня памятаюць, нібыта паскардзіліся, што Броўка сярод начы лаяўся, брыдкасловіў, махаў рукамі. Атрымліваецца, што самі міліцыянты ніякага брыдкаслоўя ня чулі, а на падставе сьведчаньняў невядомых асобаў Броўку абвінавацілі. Ён свае віны не прызнаў, і яго “заканапацілі” на сем сутак”.

Віталь Броўка, таксама юрыст паводле адукацыі, дамогся адно медычнае экспертызы, якая зафіксавала, што ён быў цьвярозы – насуперак сьведчаньням няўстаноўленых асобаў. Іншыя спробы апеляваць да заканадаўства, у тым ліку і з боку прафэсыйнага адваката, запрошанага Хрыстафорам Жаляпавым, мясцовым кіраўніком штабу Мілінкевіча, посьпеху ня мелі.

Судзьдзя Валянціна Міхасёва разгледзела справу апазыцыйнага актывіста цягам адной гадзіны. 7 сутак ён мусіць правесьці ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG