Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная Воля” і “БДГ” не патрапяць да чытачоў да 19 сакавіка


Радыё Свабода Два наклады газэты “Народная Воля” застаюцца пад арыштам у будынку абласной управы міліцыі Віцебску. Адзін з выпускаў накладам 250 тысяч асобнікаў знаходзіцца там з 3 сакавіка, другі (27 тысяч асобнікаў) — з 14 сакавіка.

Рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч зьвяртаўся ў Гэнэральную пракуратуру, Міністэрства ўнутраных справаў і іншыя высокія дзяржаўныя інстанцыі, патрабуючы вярнуць газэту. Аднак ніводная зь іх не адрэагавала. У прыватнай гутарцы спадару Сярэдзічу паведамілі, што вяртаць газэту ўлады не зьбіраюцца.

Рэдактар “БДГ. Деловая газета” Пётар Марцаў паведаміў Радыё Свабода, што на Смаленскім поліграфічным камбінаце па-ранейшаму адмаўляюцца друкаваць газэту, хоць запазычанасьць газэта прадпрыемству кампэнсавала. Са Смаленску няма афіцыйнага пацьверджаньня аб скасаваньні дамовы пра супрацоўніцтва, а кіраўніцтва камбінату ўнікае кантактаў.

З-за няпэўнай сытуацыі спадар Марцаў думае шукаць іншага бізнэс-партнэра для друкаваньня газэты. Аднак ён мяркуе, што выдаць і распаўсюдзіць газэту напярэдадні галасаваньня 19 сакавіка наўрад ці атрымаецца. Мала спадзяваньняў на тое, што газэта выйдзе да дня выбараў, і ў рэдакцыі газэты “Товарищ”. Цяпер выдаўцы таксама шукаюць новую друкарню.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG