Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Аўтуховіч патрабуе гарантыі ад "замаху на ягоную свабоду і бізнэс"


Радыё Свабода Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч гатовы вярнуцца ў Беларусь, калі ўлады дадуць гарантыю, што ня будуць рабіць замах на ягоную свабоду і бізнэс. Прадпрымальнік патрабуе таксама гарантыяў законнасьці ў беларускіх судох.

Заява Мікалая Аўтуховіча зьявілася сёньня на сайтах беларускіх незалежных мэдыяў. Ваўкавыскі прадпрымальнік паведамляе пра прычыны, якія прымусілі яго ўцячы з краіны, не дачакаўшыся суду.

“Я прыняў рашэньне ня ўдзельнічаць ў ганебным судзе, які плянаваўся па сцэнары карумпаванага кіраўніцтва Гарадзенскай вобласьці. Утрыманьне мяне пад арыштам цягам расьсьледаваньня паказала задуму чыноўнікаў: што мяне маюць асудзіць і пасадзіць у турму”.

Мікалай Аўтуховіч абвінаваціў дзейную ўладу краіны ў нежаданьні бараніць законныя правы простага грамадзяніна. Прадпрымальнік папярэджвае, што ня будзе маўчаць, а працягне барацьбу з чыноўнікамі за аднаўленьне справядлівасьці. “Мая зброя – гэта праўда, мацнейшага за якую нічога няма”, – піша Мікалай Аўтуховіч.

Ён паведамляе, што гатовы прыехаць дамоў, але патрабуе гарантыі “абароны ад замаху на ягоную свабоду і бізнэс”, а таксама гарантыяў “выкананьня працэсуальных правілаў пры разглядзе судовых спраў”.

Сярод дзяржаўных структураў, якія Мікалай Аўтуховіч абвінавачвае ў парушэньнях закону, ён называе Пракуратуру Беларусі, Камітэт дзяржкантролю, Вышэйшы гаспадарчы суд.

Застаецца адкрытым пытаньне, дзе знайшоў прытулак зьбеглы прадпрымальнік. У сваім лісьце Мікалай Аўтуховіч пра месца знаходжаньня нічога не паведамляе. Сваякі Аўтуховіча на гэтую тэму гаварыць адмаўляюцца. Маці прадпрымальніка не захацела распавесьці нават пра тое, ці працуюць цяпер былыя супрацоўнікі фірмы яе сына.

(Жанчына: ) “Не пытайцеся ў мяне, не пытайцеся. Мы нічога ня ведаем”.

Нагадаю, Мікалай Аўтуховіч зьехаў больш за месяц таму, а праз тыдзень быў абвешчаны ў вышук. Паводле незалежных крыніцаў, у міліцэйскіх зьвестках пра Аўтуховіча сьцьвярджаецца, што ён нібыта варожа настроены да дзейнай улады і асабіста Аляксандра Лукашэнкі. Таксама пра Аўтуховіча нібыта паведамляецца, што ён узброены паляўнічай стрэльбай.

У Ваўкавыскім райаддзеле міліцыі дзяжурны ня стаў камэнтаваць гэтых зьвестак, спаслаўшыся на тое, што ня ведае пра гэта.

Нагадаем, справа Мікалая Аўтуховіча цягнецца болей за два гады. Гаспадара фірмы таксовак абвінавачвалі ў нясплаце падаткаў, іншых эканамічных злачынствах, арыштоўвалі ягоныя аўтамабілі. Гаспадарчы суд станавіўся на абарону прадпрымальніка, але потым перасьлед працягваўся. Летась Мікалай Аўтуховіч быў арыштаваны і на знак пратэсту болей за 80 дзён трымаў галадоўку. Яго вызвалілі пад хатні арышт у канцы мінулага году. Суд над Мікалаем Аўтуховічам меў пачацца 10 лютага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG