Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сына В.Чаркасавай Антона Філімонава адпусьцілі пад заклад


Радыё Свабода 13 сакавіка Антону Філімонаву, сыну забітай журналісткі В.Чаркасавай, была зьменена мера стрыманьня ў выглядзе зьняволеньня пад варту "на меру стрыманьня ў выглядзе закладу", паведаміў БелаПАН.

Вечарам 13 сакавіка Антон, які з 30 сьнежня 2005 года знаходзіўся у СІЗА-1 Мінска, вярнуўся дамоў. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе грамадзкага аб''яднаньня "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ).

Як растлумачыў доктар юрыдычных навук, былы судзьдзя Канстытуцыйнага суда Беларусі Міхаіл Пастухоў, мера стрыманьня ў выглядзе закладу – гэта не хатні арышт. "Заклад можа ўносіцца або сумай грошай на рахунак суда, або нейкай маёмасьцю, што мае матэрыяльную каштоўнасьць", сказаў М.Пастухоў.

Згодна з пастановай, сьледчыя органы прынялі да ўвагі, што "падчас папярэдняга расьсьледаваньня па крымінальнай справе неаднаразова паступалі хадайніцтвы аб зьмяненьні ў дачыненьні да абвінавачванага Філімонава А.Д. меры стрыманьня ў выглядзе зьняволеньня пад варту на іншую, не зьвязаную з пазбаўленьнем волі, а таксама тое, што, згодна з матэрыяламі справы, абвінавачваны Філімонаў А.Д. пакутуе на хранічныя захворваньні".

Нагадаем, што 16-гадовы А.Філімонаў быў затрыманы 27 сьнежня 2005 года. Ён зьяўляецца фігурантам крымінальнай справы, распачатай па арт. 221 Крымінальнага кодэкса (выраб, захоўваньне або збыт падробных грошай або каштоўных папер). Пракурор Першамайскага раёна Мінска вечарам 30 сьнежня вынес пастанову аб арышце А.Філімонава. Паводле слоў сваякоў В.Чаркасавай, у сьледчы ізалятар да А.Філімонава дапускаліся асобы, якія схілялі яго да прызнаньня наконт забойства В.Чаркасавай.

20 кастрычніка 2004 года В.Чаркасава была знойдзена ў сваёй кватэры са шматлікімі нажавымі раненьнямі. Па крымінальнай справе яе сын і айчым Уладзімір Мялешка праходзілі ў якасьці падазроных. 18 красавіка 2005 года крымінальны перасьлед А.Філімонава і У.Мялешкі быў спынены, паколькі "не здабыта дастатковых доказаў" іх дачыненьня да зьдзейсьненага злачынства, а "ўсе магчымасьці для збору дадатковых доказаў вычарпаныя".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG