Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусь Тарасаў: “Скарбы зь нясьвіскага замку вывезла расейскае войска”


Валянціна Аксак, Менск Двухвяковую таямніцу зьнікненьня велізарных багацьцяў Радзівілаў зь іх родавага замку ў Нясьвіжы раскрывае беларускі пісьменьнік Кастусь Тарасаў. У сваім новым гістарычна-дакумэнтальным рамане “Аўдытарская праверка ў Нясьвіжы”, пачатак якога надрукаваны ў дваццатым нумары часопісу “Дзеяслоў”, Тарасаў апавядае, як і куды ў часе вайны з Напалеонам расейскае войска вывезла скарбы Радзівілаў. У інтэрвію нашай карэспандэнтцы пісьменьнік гаворыць, што да разгадкі паданьняў пра лёс радзівілаўскіх скарбаў ішоў не адно дзесяцігодзьдзе – з часу сустрэч зь нясьвіскімі гісторыямі яшчэ ў падлеткавым узросьце.

(Тарасаў: ) “Першы раз я трапіў у Нясьвіж, калі мне было трынаццаць гадоў. У гэтым замку тады была санаторыя для пэрсанальных пэнсіянэраў, але калі памёр Сталін, то такая дэмакратыя пачалася, у такой форме, што там зрабілі піянэрскую зьмену. Там чалавек сто, відаць, нас было, і мы жылі ў гэтых пакоях. Там працавала яшчэ некалькі людзей з тых, якія працавалі ў замку да 1939 году, і яны нам расказвалі, што калі скрыпіць падлога, то гэта ходзяць прывіды. Мы верылі ў гэта, глядзелі і бачылі прывідаў – са страху, відаць”.

(Карэспандэнтка: ) “Тыя дзіцячыя ўражаньні пра прывідаў, знакамітыя дванаццаць залатых апосталаў, іх таямнічае зьнікненьне цяпер выліліся ў прафэсійнае пісьменьніцкае зацікаўленьне?”

(Тарасаў: ) “Справа ў тым, што ўвесь гэты вялізны скарб задакумэнтаваны. У Нацыянальным архіве Беларусі знаходзіцца скарга захавальніка скарбніцы, у якой ён пералічыў усё, што адтуль забрала ў 1812 годзе, праходзячы з баямі празь Нясьвіж, армія адмірала Чычагава. Гэта вялікі скарб – ён ацэньваецца на дзесяць мільёнаў тагачасных залатых рублёў... Пры такіх багацьцях, якія мелі Радзівілы, яны маглі ўнесьці больш значны ўклад у нашую гісторыю. Маглі пабудаваць калегіюм, унівэрсытэт, адкрыты тэатар – тое, што было ў Эўропе. Але нічога такога яны ў Нясьвіжы не стварылі…”

(Карэспандэнтка: ) “А чаму, на Вашае меркаваньне?”

(Тарасаў: ) “Таму што ў XVIII стагодзьдзі ў нас ужо цалкам была страчаная традыцыя дзяржаўнасьці, і ніводзін зь іх не пасьмеў дамагчыся нейкіх правоў на тое, каб гэтую дзяржаўнасьць аднавіць, каб узначаліць рух за аднаўленьне дзяржаўнасьці. І для мяне гэта – паказальнік нашай гісторыі. Гэта характар, які на ўзроўні правінцыйнага пана...”

(Карэспандэнтка: ) “Не дзяржаватворчы?”

(Тарасаў: ) “Абсалютна. У іх не было гэтага, яны былі арыентаваныя на Варшаву...”

(Карэспандэнтка: ) “А калі вярнуцца да скарбаў, то дзе ж усё-ткі дванаццаць залатых апосталаў?”

(Тарасаў: ) “Іх, на жаль, не было. Гэта былі скульптуры касьцельнага ліцьця. Іх адлілі для касьцёлу сьвятога Міхала, пазалацілі і так яны ўвайшлі ў паданьні...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG