Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч адвёз харчовыя перадачы палітвязьням


Валер Каліноўскі, Радыё Свабода Сёньня кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч адвёз у менскі спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік па вуліцы Акрэсьціна харчовыя перадачы 10 актывістам, арыштаваным за ўдзел у ягоных перадвыбарчых сходах 8 сакавіка.

Пад’езды да спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна былі перакрыты міліцыянтамі ў цывільным і ДАІ, у двары стаяла шэсьць АМАПаўскіх аўтобусаў і зь дзясятак міліцэйскіх машын. Аўтамабіль Мілінкевіча спынілі за кіламэтар да ўваходу ў будынак. Убачыўшы вялікую групу прадстаўнікоў праваахоўных органаў, спадар Мілінкевіч зазначыў:

(Мілінкевіч: ) “Думаю, што дрэнна з псыхікай у дзяржавы, як кажуць, “крыша” трошкі плыве. Яны настройваліся, што мы прыйдзем і будзем зараз тут займацца разбоем, будзем браць прыступам. Але мы ж нармальныя мірныя людзі. Мы не рэвалюцыянэры, мы — эвалюцыяністы”.

Вярнуўшыся з будынку спэцпрыёмніка, Аляскандар Мілінкевіч паведаміў, што ня змог асабіста пабачыць Вінцука Вячорку й іншых арыштаваных, але адміністрацыя запэўніла: тыя ў добрым стане.

Сёньня генэральны пракурор Беларусі Пётар Міклашэвіч запатрабаваў ад кандыдатаў на прэзыдэнта выконваць нормы закону аб правядзеньні масавых акцыяў і не дапускаць парушэньня грамадзкага парадку.

"Статус кандыдата на прэзыдэнта не вызваляе ад адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці за парушэньне парадку арганізацыі й правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Праваахоўнымі органамі кожны факт парушэньня закону будзе рашуча спыняцца”, — заявіў генэральны пракурор Беларусі. А.Мілінкевіч ня згодзен са спадаром Міклашэвічам.

(Мілінкевіч: ) “Нягледзячы на тое, што ён юрыст, а я фізык, я на 100 адсоткаў упэўнены, што маю права сустракацца ў любым месцы краіны. Я толькі мушу папярэдзіць уладу. Мы нідзе не парушалі спакою грамадзян, не выходзілі на праезную частку, нікога ня гвалцілі. Мы сустракаліся, размаўлялі. А ўлада баіцца праўды”.

Тым часам Аляксандар Лукашэнка ніякіх перадвыбарчых захадаў ня робіць — паведаміў прэсавы сакратар ягонай ініцыятыўнай групы Дзьмітры Косьцін. Больш за тое, хутчэй за ўсё, ён не скарыстае бюджэтных грошай на друкаваньне перадвыбарчых улётак і плякатаў, — цьвердзіць спадар Косьцін.

(Косьцін: ) “Партрэтаў пакуль што няма, і ў бліжэйшыя суткі яны дакладна ня зьявяцца. Таксама, як і любыя ўлёткі, якія зьяўляюцца ад імя нашай ініцыятыўнай групы ці ў якіх згадваецца наш кандыдат, — яны ня нашай вытворчасьці, і, хутчэй за ўсё, ёсьць правакацыяй”.

Аляксандар Лукашэнка сёньня прыняў даверчыя лісты ад новых амбасадараў Расеі й Украіны. Праз амбасадара Расеі Аляксандра Сурыкава ён пераказаў У.Пуціну, што ў Беларусі “стабільная, нармальная абстаноўка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG