Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гарадзеншчыне ўлады спрабуюць зрываць перадвыбарчыя сустрэчы


Радыё Свабода, Гарадзенская вобласьць У Ашмянах і мястэчку Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна сустрэчы з даверанымі асобамі А.Мілінкевіча Анатолем Лябедзькам і Аляксандрам Дабравольскім адбываліся ў гарачых дыскусіях. Мясцовая “вэртыкаль” і сябры БРСМ усялякім чынам імкнуліся зрываць сустрэчы і нават прынізіць давераных асобаў А.Мілінкевіча.

У Ашмянах зала раённага Дома культуры была запоўнена цалкам. Прадстаўнікі ўлады і БРСМ прыйшлі на сустрэчу з Анатолем Лябедзькам са сваімі сьцягамі. У зале на сьценах віселі некалькі плакатаў з надпісам “За Беларусь!”

Пытаньні ў асноўным стараліся задаваць таксама прадстаўнікі “вэртыкалі” і БРСМ, паколькі ў іх у руках знаходзіўся мікрафон і яны перадавалі яго адзін аднаму. Прычым, пытаньні, як правіла, не датычыліся праграмы А.Мілінкевіча, а былі скіраваны на тое, каб дыскрэдытаваць асобу А.Лябедзькі. Кшталту: “За якія грошы ты існуеш, альбо за якія грошы езьдзіш за мяжу?”

Анатоль Лябедзька адказваў вельмі спакойна на ўсе пытаньні і калі зала яму апладзіравала, прадстаўнікі раённай “вэртыкалі” перабівалі яго, не давалі даказаць, адразу задавалі іншыя пытаньні.

Вось што сказаў на гэты конт кіраўнік ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча ў Ашмянах Пётра Явідовіч:

(Явідовіч: ) “Калі Анатоль Лябедзька пачынаў адказваць на пытаньні, яны перабівалі яго, задавалі іншыя пытаньні. Без усякай павагі да сябе, да таго, хто выступае і хто задае пытаньне. Улада паказала, што яна сабой уяўляе: які прэзыдэнт, такая і ўлада ў раёнах. Я магу сказаць так”.

Сябры ініцыятыўнай групы Мілінкевіча неаднаразова рабілі заўвагі, заклікалі да парадку, сустрэча некалькі разоў перарывалася. Але ў той самы час і сябры ініцыятыўнай групы, і выбаршчыкі, якія прысутнічалі ў зале, казалі, што нечага падобнага ў іх горадзе не было ўжо шмат гадоў.

У мястэчку Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна ў мясцовым Доме культуры было таксама горача. Сцэнар сустрэчы з Аляксандрам Дабравольскім нагадваў ашмянскі варыянт.

Мясцовых “вэртыкальшчыкаў” і БРСМаўцаў цікавіла, навошта А.Мілінкевіч заклікае людзей 19 сакавіка сабрацца ў Менску, ці хоча ён зрабіць тое ж, што было на Ўкраіне, навошта ён на сустрэчы езьдзіць са сваёй жонкай, маўляў, нам ня трэба ніякай лэдзі, чаму ў яго не такое прозьвішча, як у бацькі і г.д.

Аляксандар Дабравольскі адказваў на ўсе пытаньні таксама спакойна. “Вэртыкалі” і БРСМаўцам часта адказы не падабаліся, і тады ў зале панаваў шум.

Падсумоўваючы вынікі сустрэчы, яе арганізатары прыйшлі да высновы, што яна дала плён. Па словах Пятра Цярэшкі, кіраўніка ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча ў Дзятлаўскім раёне, мерапрыемства абудзіла местачковых людзей. Яны даўно ня чулі альтэрнатыўнай думкі і не сустракаліся з людзьмі, якія могуць крытыкаваць палітыку А.Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG