Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае пытаньне ў ЭЗ: Літва супраць эканамічных санкцыяў


Тацяна Поклад, Вільня Кіраўнікі Літвы заяўляюць, што выбарчая кампанія ў Беларусі не адпавядае дэмакратычным нормам, і што рэпрэсіі беларускіх уладаў ускладняюць сытуацыю ў краіне. Аднак Літва выступіла супраць эканамічных санкцыяў у дачыненьні да Беларусі.

У часе сустрэчы міністраў замежных справаў Эўразьвязу ў Зальцбургу (Аўстрыя) 10-11 сакавіка, на якой абмяркоўвалася беларускае пытаньне, кіраўнік літоўскага дыпляматычнага ведамства Антанас Валёніс выступіў супраць эканамічных санкцыяў у дачыненьні да Беларусі.

У адмысловым прэс-рэлізе Міністэрства замежных справаў Літвы з гэтай нагоды гаворыцца, што адмоўныя наступствы эканамічных санкцыяў найперш адчуюць простыя людзі ў Беларусі, а ня ўлады, таму Літва не падтрымлівае адмену агульнай сыстэмы прэфэрэнцыяў для Беларусі.

Адначасова міністар замежных справаў Літвы А.Валёніс заявіў, што выбарчая кампанія ў Беларусі не адпавядае дэмакратычным нормам, жорсткімі сродкамі парушаецца права на свабоднае выказваньне сваёй волі грамадзянаў і апазыцыі.

(Валёніс: ) “Затрыманьне кіраўнікоў апазыцыі і іх давераных асобаў паказвае, што цяперашняя адміністрацыя баіцца дэмакратычных выбараў і таму не дазволіць, каб выбарчая кампанія вялася сумленна”.

Тым часам сьпікер літоўскага Сойму Артурас Паўласкас адзначыў у інтэрвію на Літоўскім нацыянальным радыё, што ізаляцыя беларускай апазыцыі сьведчыць пра складанасьць сытуацыі ў Беларусі, і што немагчыма для апазыцыі перамагчы на такіх выбарах.

(Паўласкас: ) “Апазыцыі не даецца магчымасьць зьвяртацца да грамадзянаў, няма ўмоваў для таго, каб выбары былі адкрытыя, дэмакратычныя, справядлівыя. Болей таго – арышты апазыцыі. Папросту ўжываюцца рэпрэсіі, каб ізаляваць кандыдатаў ад сваёй каманды, пакінуць іх адных напярэдадні выбараў. Гэтыя выбары недэмакратычныя. Нашыя парлямэнтары паедуць назіральнікамі, мы зробім свае высновы. Але ўжо сёньня, з увагай да арыштаў, можна сказаць, што сытуацыя складаная, дэмакратыі там і ня бачна”.

На наступным тыдні Сойм Літвы будзе абмяркоўваць рэзалюцыю адносна рэпрэсіяў у Беларусі, а парлямэнцкі камітэт замежных справаў ужо прыняў рэзалюцыю з асуджэньнем арыштаў у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG