Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэакцыя сьвету на сытуацыю ў Беларусі – хроніка тыдня


Радыё Свабода На гэтым тыдні ўплывовыя міжнародныя арганізацыі, кіраўнікі, парлямэнты і ўрады многіх краінаў сьвету прымалі рэзалюцыі, выступалі з заявамі і камэнтарамі адносна перадвыбарчай сытуацыі ў Беларусі.

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прыняла рэзалюцыю ў падтрымку намаганьняў народа Беларусі ў аднаўленьні дэмакратыі, законнасьці і павагі да правоў чалавека.

У Хэльсынскай камісіі ЗША адбыліся грамадзкія слуханьні, прысьвечаныя Беларусі, на якіх гаварылася пра неабходнасьць жорсткага ціску на ўрад Лукашэнкі з боку ЗША і міжнароднай супольнасьці.

У штогадовай справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША аб правах чалавека ў сьвеце адзначалася, што “становішча з правамі чалавека ў Беларусі застаецца вельмі кепскім і пагоршылася ў шэрагу галінаў”.

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш у сваім звароце з нагоды Міжнароднага жаночага дня згадаў пра сустрэчу зь дзьвюма беларускімі жанчынамі, жонкамі зьніклых – Ірынай Красоўскай і Сьвятланай Завадзкай.

(Буш: ) “Днямі я прывітаў дзьвюх жанчын зь Беларусі, якія занепакоеныя рэпрэсіўным характарам беларускага рэжыму. Мы падтрымліваем жанчын у Беларусі, якія абараняюць чалавечыя правы напярэдадні выбараў”.

Вашынгтонскі Нацыянальны дэмакратычны інстытут асудзіў хаду выбарчай кампаніі ў Беларусі. Паводле старшыні рады дырэктараў інстытуту Мадлен Олбрайт, “ураду Беларусі ня варта чакаць павагі з боку міжнароднай супольнасьці, калі ён не зьбіраецца паважаць міжнародныя нормы”.

Эўразьвяз і Рада Эўропы на гэтым тыдні выступілі з заявамі, у якіх выказалі занепакоенасьць сытуацыяй у Беларусі. Яны асудзілі арышт Вінцука Вячоркі і назвалі гэта чарговым доказам таго, што рэжым Лукашэнкі ня хоча гарантаваць грамадзянам асноўныя ўмовы для вольных і празрыстых выбараў.

Эўразьвяз пагражае зрабіць больш жорсткімі санкцыі супраць Беларусі, калі вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка будуць зманіпуляваныя, а галасаваньне пройдзе з парушэньнямі, заявіла эўракамісар Бэніта Фэрэра-Вальднер.

Прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн асудзіў рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі падчас перадвыбарчай кампаніі і запатрабаваў неадкладнага вызваленьня ўсіх арыштаваных актывістаў.

Дэлегацыя Эўрапарлямэнту ў складзе сямі чалавек мае намер прыехаць у Беларусь для назіраньня за галасаваньнем на выбарах. Вось што заявіў старшыня камісіі ў міжнародных справах Эўрапарлямэнту Эльмар Брок.

(Брок: ) “Я думаю, надыходзіць момант, калі мы павінны паказаць беларускім людзям, што зь імі салідарны дэмакратычны сьвет”.

У Эўрапарлямэнце рыхтуецца новы сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу. Прапаноўваецца пашырыць колькасьць беларускіх чыноўнікаў, міліцыянтаў, супрацоўнікаў КДБ, дзяржаўных мэдыяў на 40 прозьвішчаў – з 7 да 47.

У прынятай рэзалюцыі па Беларусі дэпутаты Бундэстагу выказалі сумненьне, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць у адпаведнасьці з дэмакратычнымі стандартамі. Вось што заявіла кіраўніца рабочай групы ў справах Беларусі Ута Цапф.

(Цапф: ) “У нашай рэзалюцыі выказанае галоўнае агульнае патрабаваньне, каб выбары прайшлі свабодна і празрыста”.

Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі спадзяецца, што Варшава зможа пераканаць Эўразьвяз у неабходнасьці салідарнасьці зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі. "Мы будзем падтрымліваць беларускую апазыцыю, мы маем жаданьне гэта рабіць і маем грошы", заявіў Качыньскі.

Міністэрства замежных справаў Чэхіі ў адмысловай заяве асудзіла арышт Вінцука Вячоркі і рэпрэсіўныя дзеяньні супраць Аляксандра Казуліна і Анатоля Лябедзькі ды іншых актывістаў.

Камітэт замежных справаў Сойму Літвы прыняў рэзалюцыю, у якой асуджаецца “жаданьне беларускіх уладаў задушыць свабоду слова ў Беларусі і права на свабоду выбару”. Рэзалюцыю ініцыяваў Вацлаў Станкевіч, сябра парлямэнцкай групы “За дэмакратычную Беларусь”.

(Станкевіч: ) “У заяве ёсьць асобны пункт, дзе мы прапануем беларускім уладам як найхутчэй выпусьціць арыштаваных апазыцыянэраў”.

Украіна далучылася да заявы Эўразьвязу адносна перадвыбарчай сытуацыі ў Беларусі. “Апошнія падзеі ў Беларусі не даюць падставаў чакаць, што прэзыдэнцкія выбары ў гэтай дзяржаве будуць дэмакратычнымі”, заявіў міністар замежных справаў Украіны Барыс Тарасюк.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG