Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч правёў сустрэчы ў Белаазёрску і Кобрыне (фота)


Валер Каліноўскі, Кобрын 10 сакавіка кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі на пасаду прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч знаходзіцца на Берасьцейшчыне. Мілінкевіч сустрэўся з выбарнікамі ў Белаазёрску – на сустрэчу прыйшло каля 300 чалавек. Затым кандыдат адправіўся ў Кобрын. Калі ў Белаазёрску сустрэча прайшла спакойна, то ў Кобрыне не абышлося без правакацыяў і процістаяньня.

Яшчэ на ўваходзе ў кобрынскі Дом культуры Аляксандра Мілінкевіча сустракала група агрэсіўнай моладзі з БРСМ са сьцягамі й плякатамі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Яны крычалі й сьвісталі, нават грукалі ў бубен. Затым з дапамогаю міліцыі гэтыя людзі праз чорны ўваход трапілі ў залю (на той час перапоўненую) і шумелі на працягу ўсёй сустрэчы Мілінкевіча. Але кандыдат быў спакойны і трымаў парадак у залі сам: ніхто зь міліцыянтаў так і не пагадзіўся вывесьці агрэсіўных прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі.

Мілінкевіч заявіў, што яму сорамна за ўлады, якія дапускаюць такія правакацыі, і параўнаў агрэсіўных маладзёнаў з абліччам дзейнай беларускай улады. Большасьць прысутных у залі горача падтрымлівала кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі. Некалькі сотняў чалавек стаялі ў фае Дому культуры й на дварэ каля яго: у залю не памясьціліся ўсе, хто хацеў пабываць на сустрэчы зь Мілінкевічам. Пасьля таго, як міліцыя перастала пускаць людзей у залю, некалькі чалавек усё ж прарваліся туды, разьбіўшы дзьвярную шыбу. Пры гэтым інцыдэнце два міліцыянты былі лёгка параненыя.

У цэлым публіка ў Кобрыне яўна падзялілася на тых, хто падтрымлівае Мілінкевіча, і тых, хто падтрымлівае Лукашэнку. Апрача сяброў БРСМ, за Лукашэнку актыўна выказваліся мясцовыя чыноўнікі, нават нейкі казак у штанох зь лямпасамі, які крыкнуў: “Лукашэнку – люба”. Мікрафонам для пытаньняў у залі распараджаліся некалькі чалавек – таксама з выгляду чыноўнікі. Яны давалі мікрафон толькі тым, хто меў нязручныя пытаньні да Мілінкевіча. У самым канцы сустрэчы да прысутных далучыўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Віктар Кучынскі, які назваў неразумнымі правакацыі супраць Аляксандра Мілінкевіча, пажадаў Мілінкевічу, як і іншым кандыдатам, удачы. Пры гэтым Кучынскі рэзка выказаўся супраць заклікаў Мілінкевіча выйсьці на плошчы пасьля выбараў.

Пасьля сустрэчы ў залі кандыдат у прэзыдэнты выйшаў да людзей, якія паўтары гадзіны чакалі яго ля Дому культуры. Людзі сустрэлі Мілінкевіча воплескамі.

На заўтра ў Аляксандра Мілінкевіча заплянаваныя тры сустрэчы ў Берасьці й Пінску.


А.Мілінкевіч адказвае на пытаньні


Правакатары ў залі


А.Мілінкевіч і дэпутат В.Кучынскі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG