Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму прадстаўнікі Мілінкевіча ўдзельнічалі ў праграме "Выбар" на ОНТ?


Радыё Свабода Сёньня на пытаньні слухачоў Радыё Свабода адказваюць сябра ініцыятыўнай групы Аляксадра Мілінкевіча, удзельнік ток-шоў “Выбар” Віктар Карняенка, кандыдат юрыдычных навук Сяргей Леўшуноў.

(Слухач: ) “У мяне просьба да Радыё Свабода. Задайце, калі ласка, пытаньне прадстаўнікам Мілінкевіча, якія ўдзельнічалі ў праграме “Выбар”: чаму ніхто зь іх не сказаў, што галасаваньне гэтае фальшывае? Там былі Карняенка і Хадыка, ім затыкалі там рот, не давалі сказаць — але ж усё роўна была магчымасьць выказацца, але яны вельмі няўдала выступілі”.

Адказвае сябра ініцыятыўнай групы Аляксадра Мілінкевіча, удзельнік ток-шоў “Выбар” Віктар Карняенка:

(Карняенка: ) “Па-першае, гэта было не маё рашэньне, а рашэньне штабу. Мы добра ведалі фармат гэтай тэлеперадачы, але ўявіце сабе, калі б мы не пайшлі, якая была б прапаганда: значыць, няма чаго сказаць. Канечне, мы размаўлялі пра тое, што гэта фальшыўка, а ня выбары. Я зьвярнуў увагу на тое, як фармаваліся выбарчыя камісіі; як справы са свабодай слова, у прыватнасьці, што ва ўсіх дзяржаўных СМІ ідзе красаваньне аднаго Лукашэнкі. Канкрэтна я згадваў пра страляніну ў цэнтры гораду, што адзіны рэсурс, які зьбіраецца выкарыстаць улада, — гэта выклікаць страх. І калі вы заўважылі, у перадачы пакінулі толькі пра сродкі масавай інфармацыі. Я расказваў пра тое, што ў нас нават інтэрактыўнае галасаваньне ідзе пад фанаграму, што гэта глупства несусьветнае. Пра канкрэтныя прыклады парушэньня выбарчага заканадаўства. Але ўсё гэта засталося за кадрам. Таму рэзюмэ: мы ведалі, і ў нас не было ад самага пачатку ілюзіяў”.



* * *

(Спадар:) “Быў бы вельмі ўдзячны радыёстанцыі “Свабода”, калі б яна перадала мае пытаньні Паўлу Мажэйку. Першае: дзе цяпер і чым займаецца Мікола Маркевіч, нешта яго не чуваць і не відаць даўно? Другое: чаму не ўдалося захаваць актывістаў вашага выбарчага штабу да 19 сакавіка? Таму што ўжо даўно відавочна і зразумела было, што іх ізалююць. Трэцяе: як вы маглі дапусьціць — вось сёньня была перадача на ОНТ “Выбар”, што вы паслалі туды вашых прадстаўнікоў? Іх проста ўцягнулі ў акадэмічную дыскусію ў пытаньнях эканомікі. А трэба было проста сказаць, што за аўдыторыя там была: прадстаўнікі ўлады, цынічныя, якія абараняюць адзінае — сваё месца ля кармушкі. Вось калі б вы гэта сказалі, то гэта б вельмі паўплывала на людзей, якія яшчэ ня вызначаліся ў сваім выбары. Проста трэба ўсё гэта пралічваць”.

Адказвае прэсавы сакратар штабу Аляксандра Мілінкевіча Павал Мажэйка:

(Мажэйка: ) “Мікола Маркевіч сёньня займаецца незалежным радыёвяшчаньнем на Беларусь. Сёньня ў штабе Аляксандра Мілінкевіча ўсе разумеюць, што чым бліжэйшы дзень выбараў, тым усё мацнейшыя, тым больш жорсткія будуць рэпрэсіі. Мы са свайго боку імкнемся захоўваць асьцярожнасьць, імкнемся абараніць кожнага сябра ініцыятыўнай групы. Але зноў жа падкрэсьліваю, што ўлады фактычна распачалі татальны кантроль, татальны перасьлед усіх, хто прагне пераменаў у Беларусі і хто мае намер актыўна ўдзельнічаць у 19 сакавіка.

Што тычыцца тэлепраграмы “Выбар”. Яна была запісана 4 сакавіка. Мы доўга вагаліся, таму што разумелі, што сёньня Беларускае тэлебачаньне займаецца прапагандай, а не прадстаўленьнем пазыцыяў кандыдатаў у прэзыдэнты. Але пасьля доўгіх дыскусіяў вырашылі ўсё ж такі пайсьці.

Вядучыя ўвесь час спрабавалі перавесьці размову ў эканамічнае рэчышча, паказваючы, што нібыта ўсе праграмы аднолькавыя. Нашы прадстаўнікі імкнуліся даказаць, што выбары зьяўляюцца фарсам, што неабходна мяняць палітычную сыстэму ўлады ў краіне, што эканамічная праграма Мілінкевіча адрозьніваецца кардынальна ад праграмаў Гайдукевіча, Лукашэнкі і Казуліна. Было запісана больш за дзьве з паловай гадзіны, зь іх фактычна паўтары гадзіны было выразана. Але нам здаецца, што сваім удзелам у праграме мы змаглі ці паспрабавалі данесьці неабходную інфармацыю”.

* * *

(Спадар:) “Хачу запытаць, ці ёсьць у нас юрысты ў Беларусі? Чаму парушаецца Канстытуцыя Беларусі ва ўсіх яе аспэктах? Гэта па-першае. Па-другое, чаму парушаецца закон аб выбарах? Адны ў падваротні выступаюць, і іх усіх арыштоўваюць і зьбіваюць, а другі — у палацы выступае, і яго ўсе падтрымліваюць. Ці гэта выбары? Ці ў нас закон канстытуцыйны працуе?”

Адказвае кандыдат юрыдычных навук, экспэрт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Сяргей Леўшуноў:

(Леўшуноў: ) “Ёсьць у нас усё гэта. У нас народу няма, які б абараняў гэты закон, вось і ўсё. У нас ёсьць Асноўны закон, хаця сапраўднай Канстытуцыяй гэта назваць нельга. Таму што Канстытуцыя — гэта тая дзяржаўная форма, у якой існуе абмежаванае кіраваньне, абмежаваная дзяржаўная ўлада. У нас яна не абмежаваная. Але Асноўны закон ёсьць. Але ж Канстытуцыя — гэта проста стос паперы. Павінен быць народ, які абараняе гэта, свае правы адстойвае. Тады ў нас усе законы будуць дзейнічаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG