Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За каго на прэзыдэнцкіх выбарах думаюць галасаваць менчукі?


Радыё Свабода Да пачатку галасаваньня на выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь засталося некалькі дзён. Ці вы ўжо вызначыліся, за каго будзеце галасаваць на выбарах? Гэтае пытаньне людзям на вуліцах Менску задавала Галіна Абакунчык.

(Юнак: ) “Ёсьць такая сьмешная песенька: “Аляксандра! Аляксандра!”. Жартую, насамрэч. Ня ведаю, за каго я буду галасаваць, але думаю, што хутчэй за ўсё за Мілінкевіча. Хоць цалкам яшчэ і ня вызначыліся”.

(Юнак: ) “Ёсьць два варыянты: альбо супраць усіх, альбо за Мілінкевіча. Чаму супраць усіх? Бо я ня бачу сэнсу цяпер галасаваць. Я ведаю, што мой голас нічога ня вырашыць, і мне цяпер галоўнае — прыйсьці й выказацца супраць гэтага ладу жыцьця. Але найбольш мне сымпатычная праграма Мілінкевіча, хоць зь ёй я таксама згодны ня цалкам, а таму вось такі выбар”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці вызначыліся вы, за каго будзеце галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах?”

(Спадарыня: ) “19-га, так? Канечне, за Лукашэнку. Вы разумееце, якая рэч, ён для нас жыцьцё зрабіў лепшым. Да прыкладу, моладзь будзе па-іншаму меркаваць, але нам, старэнькім, пэнсію даюць нармалёва, дык навошта мне галасаваць за нешта невядомае, пры кім я ня ведаю, як буду жыць?”

(Юнак: ) “Вызначыўся: супраць усіх. Я ня бачу годнай альтэрнатывы цяперашняй уладзе, але і цяперашняя ўлада мяне не задавальняе ў поўнай меры, а таму вось такі выбар”.

(Спадар: ) “Канечне, так — вызначыўся. Буду галасаваць за Лукашэнку. А чаму? А таму што стабільнасьць. Вось, да прыкладу паводле маёй працы: цяпер ідзе вялікая праца ў справе замены ліфтоў. І я лічу, што без работы я не застануся”.

(Юначка: ) “Я ўчора глядзела ток-шоў ОНТ “Выбар”, я была ўражаная: не прайшло і дзесяці хвілінаў па абвяшчэньні нумароў галасаваньня за кандыдатаў, як за Лукашэнку прагаласавала тысяча чалавек. Немагчыма было датэлефанавацца ўвогуле! Пра Гайдукевіча ўвогуле ніхто нічога ня ведае, а за Гайдукевіча было больш галасоў, чым за Мілінкевіча і Казуліна. Ай, што тут гаварыць!”

(Юнак: ) “Я зрабіў свой выбар і буду галасаваць за Аляксандра Казуліна — былога рэктара БДУ. Бо ў свой час, калі я паступаў ва ўнівэрсытэт, стаяла пытаньне: буду я там вучыцца ці не. Рэктарат вырашыў пытаньне на маю карысьць, і, думаю, слова Казуліна мела сваю вагу, а таму за яго і прагаласую”.

(Юнак:) “За Мілінкевіча буду галасаваць. У нас уся сям’я за яго будзе галасаваць. Таму што насамрэч хочацца адраджэньня Беларусі і насамрэч хочацца, каб была свабода, праўда і справядлівасьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG