Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На плошчу, дзе плянуецца сустрэча зь Мілінкевічам, камунальнікі грузавікамі звозяць сьнег з гарадзкіх двароў


Радыё Свабода, Гомель У Гомелі камунальнікі пачалі звозіць сьнег з двароў і вуліцаў на плошчу Паўстаньня. Якраз у гэты час у горадзе пачалі раздаваць запрашэньні на сустрэчу з кандыдатам на прэзыдэнта ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандрам Мілінкевічам, якая мае адбыцца 14 сакавіка менавіта на плошчы Паўстаньня.

Вялікагрузныя самазвалы пачалі звальваць брудна-шэры сьнег, перамяшаны зь пяском ды сольлю, адна да аднае. Уражаньне такое, што на плошчы Паўстаньня растуць сьнежныя барханы.

Дыспэтчарка камунальнага спэцыялізаванага аўтапрадпрыемства спадарыня Надзея сама зьдзіўляецца, чаму кіроўцы іхнага прадпрыемства напачатку вясны сталі звозіць сьнег на адну з галоўных плошчаў гораду:

(Дыспэтчарка: ) “А чаго гэта мы возім на плошчу Паўстаньня сьнег?”

Начальнік плянава-дыспэтчарскай службы Ўладзімер Шпак кажа на гэта:

(Шпак: ) “Там адміністрацыя Цэнтральнага раёну ладзіць нейкае гуляньне, ці што? Гэта нарадзілася літаральна сёньня. Каманда паступіла. Вось зараз туды мы павезьлі сьнегавіка. Я хадзіў, там нашы грузілі сьнегавіка”.

(Карэспандэнт Кулік: ) “Людзей, бачыце, хвалюе тое, што сьнег брудны, і звозіцца ён на плошчу, куды прыйдуць дзеці”.

(Шпак: ) “Гэты ж сьнег бярэцца ў цэнтры гораду — у дварах вуліцаў Кірава, Перамогі. Менавіта ў дварах, дзе чысты сьнег, а не з праезнай часткі. Зразумейце, мы звычайныя людзі, выконваем каманды”, — кажа прадстаўнік аўтакамунальнага прадпрыемства Ўладзімер Шпак.

У горадзе яшчэ 5 сакавіка адбыліся праводзіны зімы, і цяперашнюю імправізацыю гарадзкіх уладаў на плошчы Паўстаньня многія гараджане зьвязваюць менавіта з прыездам Мілінкевіча:

(Гамяльчук: ) “Гэта робіцца дзеля таго, каб перашкодзіць сустрэчы зь Мілінкевічам, перашкодзіць нам павітаць нашага кандыдата. Улады баяцца”, — кажа малады гамяльчук.

Тым часам міліцыянты затрымалі сёньня каля заводу вымяральных прыбораў Юрася Захаранку і даставілі яго ў Цэнтральны райаддзел. Актывіст раздаваў гараджанам запрашэньні на сустрэчу зь Мілінкевічам, якая мае адбыцца на плошчы Паўстаньня 14 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG