Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ: Дзяржаўныя СМІ асьвятляюць выбары cа шматлікімі парушэньнямі


Радыё Свабода Група экспэртаў пры Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) скончыла чарговы этап маніторынгу “Асьвятленьне прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году ў беларускіх мэдыях”. Кіраўнік гэтага праекту, мэдыя-аналітык Алесь Анціпенка гаворыць, што з 21 лютага да 5 сакавіка ён і ягоныя калегі зафіксавалі шмат фактаў парушэньня прынцыпу роўных магчымасьцяў вядзеньня агітацыйнай кампаніі дзяржаўнымі СМІ.

Аўтары маніторынгу называюць галоўнай падзеяй гэтага этапу агітацыйнай кампаніі ў мэдыях выступы кандыдатаў па тэлебачаньні і радыё. Яны адзначаюць, што нязручны час трансьляцыі не дазволіў азнаёміцца з праграмамі кандыдатаў значнай колькасьці выбарцаў.

Тэлевыступы Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна 2 сакавіка і іхныя ж радыёвыступы 6 сакавіка цэнзураваліся.

У вызначаны Цэнтравыбаркамам час выступы кандыдата Лукашэнкі на радыё і тэлебачаньні не зьявіліся. Затое ён выступіў з трохгадзіннай прамовай на Ўсебеларускім сходзе, якую трансьлявалі дзяржаўныя тэлеканалы, адзначылі аўтары маніторынгу.

Алесь Анціпенка таксама заўважыў, што газэты “Советская Белоруссия” і “Звязда” друкавалі праграму Аляксандра Лукашэнкі на першых палосах зь вялікім фатаздымкам, а праграмы іншых кандыдатаў адпаведна на 14-й, 15-й і 3-й палосах.

Алесь Анціпенка зрабіў такую выснову:

(Анціпенка: ) “Нягледзячы на тое, што ўсе кандыдаты фармальна мелі аднолькавы час і плошчу ў дзяржаўных мэдыях, тыя ж самыя мэдыі, асьвятляючы перадвыбарчую кампанію толькі аднаго кандыдата, парушылі прынцып роўнасьці. З прычыны нязручнага часу многія выбарцы ня мелі мажлівасьці пазнаёміцца з праграмамі альтэрнатыўных кандыдатаў па радыё і тэлебачаньні.

Дзяржаўныя электронныя і друкаваныя СМІ фактычна працавалі на карысьць толькі аднаго кандыдата, рэпрэзэнтуючы яго надзвычай станоўча ці станоўча. Астатнія кандыдаты характарызаваліся пераважна нэгатыўна альбо нэўтральна”.

Маніторынг беларускіх СМІ будзе працягвацца да заканчэньня выбарчай кампаніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG