Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым займаюцца сёньня штабы Гайдукевіча і Лукашэнкі?


Радыё Свабода Чым займаліся сёньня кандыдаты ў прэзыдэнты Сяргей Гайдукевіч і Аляксандар Лукашэнка, а таксама іх актывісты?

Сяргей Гайдукевіч сёньня раніцай правёў сустрэчу з выбарцамі на прахадной аднаго з прадпрыемстваў у Баранавічах.

(Гайдукевіч: ) “Вось што значыць — кандыдат у прэзыдэнты працуе: зь пятай раніцы на нагах, каб патрапіць на прахадную прадпрыемстваў. У Баранавічах у нас гэта атрымалася. Во як трэба працаваць! Сёньня падзякую людзям за тое, што расклеілі ўсе Баранавічы да столі. Прыгожыя ў мяне плякаты, асабліва на трохмэтровай вышыні”.

У спадара Гайдукевіча шэраг сустрэчаў у Менску:

(Гайдукевіч: ) “У мяне ў 12 гадзін адна сустрэча, у 13 — другая, у 14 — трэцяя, потым чацьвертая — шэсьць сустрэчаў. Чатыры паслы і місія”.

Аляксандар Лукашэнка сёньня езьдзіў па Меншчыне. Але, паводле прэсавага сакратара ягонай ініцыятыўнай групы Дзьмітрыя Косьціна, спадар Лукашэнка выконваў пры гэтым ня функцыі кандыдата, а кіраўніка краіны. Дзьмітры Косьцін заявіў, што ўлёткі, якія цяпер распаўсюджваюцца ад імя яго кандыдата — правакацыя.

(Косьцін: ) “Усе ўлёткі, якія зьяўляюцца ад імя ініцыятыўнай групы, зьяўляюцца несапраўднымі. Гэта ня наша прадукцыя. Гэта правакацыя”.

Паводле спадара Косьціна, давераныя асобы Аляксандра Лукашэнкі праводзяць сустрэчы ў працоўных калектывах па ўсёй краіне.

(Косьцін: ) “Напрыклад, заплянаваны сустрэчы на прадпрыемстве “Ле Гранд” з працоўным калектывам, на вечар. Там будзе міністар унутраных справаў Навумаў. Таксама сустрэнецца ўвечары Гасьцюхін у Смаргонскім памежным атрадзе. Мікалай Чаргінец будзе праводзіць у Менску некалькі сустрэчаў з афіцэрамі Менскага гарнізону”.

Міністар Навумаў правёў сустрэчу з працоўнікамі сумеснага прадпрыемства “Ле Гранд” у 11 гадзінаў — а гэта значыць, у свой працоўны час. Прадстаўніца адміністрацыі дзеліцца ўражаньнямі:

(Спадарыня: ) “Расказаў пра эканоміку, расказваў пра цяжкасьці, зь якімі сутыкаецца. Мы яму пажадалі посьпехаў”.

Тэхнічны дырэктар прадпрыемства “Ле Гранд” Ганна Балай апавяла:

(Балай: ) “Пра давераную асобу я ня вельмі ведаю. Сустрэча была прысьвечана стану правапарадку ў Рэспубліцы Беларусь, па праблемах, якія хвалююць. Пра Лукашэнку на сустрэчы нічога не гаварылася”.

На сустрэчы даверанай асобы Ўладзімера Гасьцюхіна ва ўнівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі было няшмат удзельнікаў. Падчас імпрэзы ў залю прывялі студэнтаў у вайсковай форме. А тых, хто хацеў пакінуць залю, на выхадзе стрымлівалі. Між іншым, спадар Гасьцюхін разам з ансамблем “Чысты голас” паказаў фрагмэнт сваёй праграмы “На вайне як на вайне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG