Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адказ на заклік Казуліна Мілінкевіч заявіў, што пойдзе да канца


Валер Каліноўскі, Бяроза Сёньня кандыдат аб''яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч пачаў перадвыбарчы тур па Берасьцейшчыне. Цягам трох дзён ён наведае Кобрын, Пінск, Берасьце, Белаазёрск. Сёньня ж ён сустрэўся з выбарцамі Бярозы.

На сустрэчу з кандыдатам аб''яднанай апазыцыі ў філіял Бярозаўскага дому культуры прыйшло 400 чалавек. Размова доўжылася дзьве гадзіны. Атмасфэра была спакойнай, хаця напачатку заля ўспрыняла Аляксандра Мілінкевіча насьцярожана. Але да канца сустрэчы аўдыторыя стала больш прыхільнай.

Над сцэнай дому культуры вісеў вялікі лёзунг "Бяроза за Лукашэнку". Але жыхары гораду запэўнівалі, што далёка ня ўсе жыхары гораду так думаюць, а плякат павесілі мясцовыя ўлады. Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што адносіцца да гэтага плякату з гумарам, бо ў цэлым горадзе аднастайнасьць думак немагчымая.

Пытаньняў было шмат. У пераважнай большасьці яны насілі сацыяльна-эканамічны характар. Увагу многіх прыцягнула пытаньне маладога чалавека, які пацікавіўся, ці гатовы Мілінкевіч у выпадку перамогі, вярнуць зямлю тым, хто яе меў да ўваходжаньня Заходняй Беларусі ў склад СССР. Аляксандар Мілінкевіч адзначыў, што вярнуць уласнасьць было б справядліва, але з тых часоў сытуацыя шмат дзе памянялася, і ён не гатовы быў бы на нейкае валявое рашэньне ў гэтым пытаньні і аддаў бы яго на разгляд парлямэнту.

Пасьля гутаркі з жыхарамі Бярозы Аляксандар Мілінкевіч паведаміў, што сёньня ён меў сустрэчу зь іншым апазыцыйным кандыдатам – Аляксандрам Казуліным, і той прапанаваў абодвум кандыдатам зьняцца з выбарчай гонкі на знак пратэсту супраць несумленных выбараў. Але Мілінкевіч пацьвердзіў думку апазыцыйнай кааліцыі, што трэба ісьці да канца. Пры гэтым ён ня выключыў, што магчымыя супольныя заявы кандыдатаў з ацэнкай выбараў. Аднак выказаў засмучэньне з прычыны, што Аляксандар Казулін часам настроены не на ўзаемную каардынацыю дзеяньняў, а на асабісты піяр.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG