Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін: "Я не зьбіраюся зьяжджаць са сваёй краіны"


Радыё Свабода Расейская інфармацыйная агенцыя "Рэгнум" са спасылкай на кіраўніка штабу Аляксандра Казуліна Мечыслава Грыба паведаміла, што кандыдат на прэзыдэнта ў выпадку пройгрышу на выбарах мае намер уладкавацца на працу ў Маскве. Мы папрасілі Аляксандра Казуліна пракамэнтаваць гэтае паведамленьне.

(Казулін: ) "Я са сваёй краіны нікуды не зьбіраюся зьяжджаць. У мяне гэтых прапановаў было вельмі шмат на працягу гэтых двух гадоў.

У нашай краіне існуе забарона на прафэсію для Казуліна. Нават мае дзеці ня могуць працаўладкавацца. Зразумела, я не зьбіраюся ўвесь час быць беспрацоўным, і ў мяне дастатковая колькасьць прапановаў па маёй прафэсійнай дзейнасьці і ў тых галінах, у якіх я зьяўляюся высакаклясным мэнэджэрам.

Якія зь іх прыняць – я падумаю, але відавочна, што калі нашай краіне непатрэбныя прафэсіяналы, то гэтыя прафэсіяналы патрэбныя ў розных краінах сьвету і зразумела ж – у Расеі. Але гэта не азначае, што калі я ўладкуюся на працу, я зьеду зь Беларусі. Я сын сваёй зямлі і свайго народу. Я буду тут, пакуль спадар Лукашэнка ня сыдзе ў гісторыю.

І зьмены адбудуцца. Вясна ўжо на парозе".

На гэтым тыдні Аляксандар Казулін знаходзіўся зь візытам у Нямеччыне, дзе сярод іншага адбылася ягоная сустрэча са статс-сакратаром Міністэрства замежных справаў Нямеччыны Гернатам Эрлерам.

(Казулін: ) "Я магу вам сказаць, што нарэшце мы сталі абмяркоўваць канкрэтныя і прагматычныя пытаньні, якія стаяць ня толькі перад Беларусьсю, але перад усёй Эўропай.

Мы згадзіліся ў тым, што Лукашэнка – гэта выклік цывілізацыі Эўропы. Гэта ня проста чалавечы фактар, а гэта ўжо барацьба цемры мінулага і цывілізацыі будучыні.

Я ўпэўнены, той спэктар пытаньняў, які мы абмеркавалі, ён стане прадметам рэальных канкрэтных дзеяньняў. Больш за тое, я сустракаўся з прадстаўнікамі бізнэс-колаў Нямеччыны, і мы абмяркоўвалі іхную будучую прысутнасьць у Беларусі, дамаўляліся пра аказаньне дапамогі ў разьвіцьці нашай банкаўскай сыстэмы, страхавых кампаній, і дапамогі ў разьвіцьці сярэдняга і дробнага бізнэсу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG