Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэчу каманды Казуліна на Меншчыне спрабавалі сарваць невядомыя


Радыё Свабода На Меншчыне мясцовыя ўлады агітуюць за Аляксандра Лукашэнку і супрацьдзейнічаюць кампаніі апазыцыйных кандыдатаў Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча.

У выбарчым штабе Аляксандра Казуліна паведамілі, што яго давераныя асобы рэгулярна ладзяць сустрэчы з выбарцамі. Напрыклад, ва Ўзьдзе за Казуліна агітаваў адзін зь яго найбліжэйшых паплечнікаў Уладзімер Нісьцюк, на сустрэчу зь якім прыйшло каля 350 чалавек.

Узьдзенскі прадстаўнік каманды Казуліна Віктар Крываль паведаміў, што была спроба сарваць гэтую сустрэчу:

(Крываль: ) “Улады прыдумалі такую цікавую рэч. Толькі пачаў чалавек выступаць, не пасьпеў сказаць, калі Казулін нарадзіўся і хто яго бацькі, як дэманстратыўна, грукаючы лаўкамі, выйшла сем чалавек. Потым праходзіць яшчэ дзьве хвіліны, давераная асоба расказвае, другая група чалавек на сем, таксама грукаючы лаўкамі, выходзіць з залі. І тады я выйшаў да мікрафона і сказаў, што сцэнар зразумелы. Таму ўсе, маўляў, хто баіцца, каго сюды прыгналі: “Выходзьце зараз усе. А хто не баіцца, то заставайцеся, і нічога вам ня будзе”. Аднак, як затым высьветлілася, паднялася яшчэ чалавек дзесяць, выйшлі. Астатнія сядзяць. Размова цікавая, людзі пляскаюць у далоні”.

Інакш паводзяць сябе мясцовыя ўлады адносна кандыдата Аляксандра Лукашэнкі. На Меншчыне пачалі актыўную дзейнасьць створаныя гар– і райвыканкамамі агітацыйна-прапагандысцкія групы. Гаворыць загадчыца ідэалягічнага аддзелу Старадароскага райвыканкаму Сьвятлана Каролька:

(Каролька: ) “Створана агітацыйна-прапагандысцкая група ў падтрымку прэзыдэнта на тэрыторыі раёну. Апроч сустрэчаў у працоўных калектывах, у нас ёсьць канцэртная праграма. Праца ўся скіраваная за моцную квітнеючую Беларусь. Да нас не прыяжджалі ні іншыя кандыдаты, ні іх давераныя асобы”.

Як зазначыла спадарыня Каролька, агітацыйна-прапагандыская група інфармуе насельніцтва Старадарожчыны пра посьпехі краіны, дасягнутыя ў часе кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі.

Нэгатыўнае стаўленьне ўладаў Меншчыны назіраецца да асобы яшчэ аднаго апазыцыйнага кандыдата — Аляксандра Мілінкевіча, у прыватнасьці, у Жодзіне. Вось што паведаміў мясцовы актывіст каманды Мілінкевіча Аляксей Лапіцкі:

(Лапіцкі: ) “У Жодзіне цэнтралізавана ад 8 сакавіка, сьвяточнага дня, пачалася кампанія зьнішчэньня агітацыйных плякатаў Мілінкевіча. Усё візуальная прадукцыя будзе як бы зьнішчана. І гэта новы віток, паводле якога трэба зьвяртацца ў пракуратуру. Адміністрацыі абсалютна не інфармаваны пра тое, што яны нясуць адказнасьць за захаваньне гэтых плякатаў. Плякаты валяліся скамечаныя пад сталом. Там дзе самым найлепшым чынам віселі плякаты Мілінкевіча, там дзе не было праблемаў зь іх вывешваньнем, там плякатаў цяпер няма”.

Паводле назіральнікаў, з камандаў кандыдатаў у прэзыдэнты найменш актыўныя ў Менскай вобласьці прыхільнікі Сяргея Гайдукевіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG