Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцук Вячорка і іншыя актывісты штабу Мілінкевіча асуджаныя на 15 сутак арышту (фота)


Радыё Свабода, Менск Суд Маскоўскага раёну Менску пакараў затрыманых актывістаў штабу Аляксандра Мілінкевіча, у тым ліку вядомага апазыцыйнага палітыка Вінцука Вячорку, арыштам на 15 сутак. Калі ў судовую залю ўвялі Вінцука Вячорку, людзі ў цывільным перашкаджалі журналістам набліжацца да апазыцыянэра. Адзін зь іх моцна ўдарыў фотакарэспандэнтку Юлію Дарашкевіч. Вячорка заявіў, што людзі ў цывільным пры затрыманьні паводзілі сябе груба і паабяцалі, што выбары ён правядзе "на нарах".

8 сакавіка людзі ў цывільным затрымалі некалькіх чалавек, якія ехалі у мікрааўтобусе, што перавозіў гукаўзмацняльную апаратуру пасьля сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з выбаршчыкамі каля кінатэатру “Бярэсьце” ў Менску.

Сярод арыштаваных давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты і лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка, а таксама хлопец, які прыйшоў паслухаць прамову кандыдата.

Усіх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу. А.Мілінкевіч арышты актывістаў штабу называе інтэрнаваньнем, якое паралізуе выбарчую кампанію.

9 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёну сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іх прадстаўнікі розных апазыцыйных партыяў і рухаў, доўгатэрміновыя назіральнікі і шмат журналістаў.

Падтрымаць актывістаў штабу прыехаў Аляксандар Мілінкевіч. На ганку суду ён правёў прэс-канфэрэнцыю, а потым не адну гадзіну чакаў, калі прывядуць Вінцука Вячорку.

Аляксандар Мілінкевіч паведаміў “Свабодзе” ў судовай залі Маскоўскага суду:

(Мілінкевіч: ) “Улада ўсяго баіцца. Сама ўсіх палохала, а цяпер сама баіцца… Думаю, што гэтыя працэсы інтэрнаваньня нашых людзей будуць працягвацца. Галоўная мэта — абезгаловіць нашу кампанію”.

Сын Вінцука Вячоркі Франак вымушаны быў прасіць дазволу на вучобе, каб трапіць на суд:

(Франак Вячорка: ) “Напісаў: “Прашу адпусьціць мяне з заняткаў у сувязі з тым, што ў гэты час адбудзецца суд над маім бацькам”. Падпісалі без усялякіх пытаньняў. Думаю, што яны самі ўсё добра разумеюць”.

У судзе сваякам затрыманых не давалі ніякай інфармацыі. Першым судзілі Аляксандра Паўлоўскага. Ён патлумачыў, што папросту падышоў паслухаць прамову кандыдата ў прэзыдэнты. Яго маці абуралася ў судовай залі:

(Паўлоўская: ) “Дык ён, наагул, у ніякай апазыцыі ня ўдзельнічаў ніколі. Ён заўсёды сядзіць дома. Было напісана: “сустрэча”. Атрымліваецца, што і на вуліцу нельга выйсьці — зловяць і пасадзяць!”

Пятра Бабарэку і Анатоля Петрашкевіча суд таксама пакараў арыштам на 15 сутак. Калі вялі Вінцука Вячорку, людзі ў цывільным перашкаджалі журналістам набліжацца да апазыцыянэра. Адзін зь іх моцна ўдарыў фотакарэспандэнтку Юлію Дарашкевіч.

Міліцыянты намагаліся не пусьціць людзей у судовую залю.

Вінцук Вячорка распавёў, што пасьля затрыманьня яго адвезьлі ў аддзел міліцыі Фрунзенскага раёну Менску. Паводле яго, усё рабілася дзеля таго, каб не даць ніякай інфармацыі.

Давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты заявіў, што людзі ў цывільным паводзілі сябе груба. Іх кіраўнік з усьмешкай сказаў Вячорку, што выбары ён правядзе на нарах.

У судзе Вінцук Вячорка патлумачыў:

(Вячорка: ) “Тое, што адбылося ўчора пасьля таго, як адбылася сустрэча, трэба трактаваць як прамое парушэньне права на агітацыю, якое гарантуецца і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, і выбарчым заканадаўствам, і Крымінальным кодэксам. Думаю, што адпаведная справа будзе абавязкова распачата супраць тых, хто перашкаджае нам ажыцьцяўляць нашы канстытуцыйныя правы”.

Усіх арыштаваных накіроўваюць у спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцы Акрэсьціна. Суткі, калі яны мелі статус затрыманых, залічаць у тэрмін адбыцьця пакараньня. На волю актывісты штабу Аляксандра Мілінкевіча выйдуць 23 сакавіка.







Гл.таксама • 8 сакавіка: пасьля сустрэчаў Мілінкевіча ў Менску затрымалі больш за дзясятак чалавек (фотарэпартаж)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG