Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праца трэцяга Ўсебеларускага народнага сходу пачалася са зьбіцьця кандыдата ў прэзыдэнты


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 2 сакавіка) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: кіраўнік аналітычнай службы кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і палітоляг Віталь Сіліцкі.

(Валер Карбалевіч: ) “Сёньня адбываецца шмат палітычных падзеяў. Некаторыя заплянаваныя, чаканыя, а некаторыя паўсталі нечакана. Найперш гэта тычыцца інцыдэнту зь збіцьцём кандыдата ў прэзыдэнты Казуліна. Мы маем сытуацыю, калі кандыдата ў прэзыдэнты б’юць, так бы мовіць, легітымна — у публічным месцы, гэта робяць органы аховы парадку, і, як можна было зразумець з выступу Лукашэнкі на сходзе, на загад кіраўніка дзяржавы. Як можна пракамэнтаваць гэты інцыдэнт?”

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Мне ў гэтым бачыцца змрочная сымбалічнасьць, якая паказвае асаблівасьці палітычнага жыцьця і асаблівасьці нацыянальнай выбарчай кампаніі. Таму што паводле заканадаўства ўсе кандыдаты маюць роўныя правы. І вось што мы бачым насамрэч. У той час, калі адзін з кандыдатаў прамаўляе на ўсю краіну, а Ўсебеларускі сход можна разглядаць як маштабную піяр-акцыю, другога кандыдата, фармальна з тымі самымі правамі, жорстка зьбіваюць.

Такім чынам улада паказала, што яна ідзе на жорсткі, сілавы сцэнар падчас гэтай выбарчай кампаніі. І мэта — застрашваньне, таму што ўлада пабойваецца вулічных выступаў. І калі не паглядзелі на кандыдацкі статус, і такое здарылася з Аляксандрам Казуліным, то чаго ж тады можна чакаць ад сілавых структураў, калі гаворка ідзе пра шараговых грамадзянаў? Калі аналізаваць выступ кіраўніка дзяржавы з трыбуны сходу, то там прагучалі такія ноткі, што, маўляў, гэта яшчэ ня ўсё, пасьля выбараў мы раскажам, якія нядобрыя справы задумвала апазыцыя. Думаю, што можна чакаць нейкай хвалі рэпрэсіяў пасьля выбараў. Таму такія даволі змрочныя пэрспэктывы абмалёўваюцца па выніках гэтага інцыдэнту”.

(Віталь Сіліцкі: ) “Улады сталі пачувацца няёмка пасьля таго, як абодва кандыдаты, найперш Казулін, адмовіліся гуляць па афіцыйным сцэнары і вырашылі рабіць нейкія нечаканыя, асымэтрычныя, неардынарныя крокі. Тэлевыступы атрымалі шырокі грамадзкі рэзананс. Нягледзячы на тое, што 19 сакавіка ўладзе, хутчэй за ўсё, баяцца няма чаго, страх з боку кіраўніцтва краіны выклікае ня проста пэрспэктыва згубіць уладу, а пэрспэктыва праявы відавочнага грамадзкага супраціву і нязгоды”.

(Класкоўскі: ) “Хачу дадаць. Думаю, невыпадкова ў прамове кіраўніка дзяржавы прагучала тэза, што нават Захад ня грэбуе “надзвычайшчынай”. Быў прыведзены прыклад Францыі. Думаю, гэта невыпадкова. Гэта можа стаць падмуркам для апраўданьня нейкіх жорсткіх дзеяньняў”.

(Сіліцкі: ) “У 1996 годзе Аляксандар Рыгоравіч зьезьдзіў у Францыю, прыехаў уражаны досьведам прэзыдэнцкага статусу. І пасьля гэтага пачалося”.

(Класкоўскі: ) “Так, у нас да заходняга досьведу ставяцца вельмі выбарачна”.

(Сіліцкі: ) “Францускі досьвед — гэта штосьці”.

(Карбалевіч: ) “Даклад Лукашэнкі на трэцім Усебеларускім народным сходзе працягваўся тры гадзіны. Якое вашае агульнае ўражаньне ад гэтага выступу? Якое пасланьне беларускаму электарату было ў ім?”

(Класкоўскі: ) “Найперш, трэба адзначыць, што ўлада бярэ на ўзбраеньне тыя тэзы, якія даўно дакляраваліся апазыцыяй. Ужо колькі гадоў апазыцыя казала, што адміністрацыйны рэсурс вычарпаны, трэба пераходзіць на інавацыйны шлях разьвіцьця, даць прастор рынку, прадпрымальніцтву і іншае. І вось сёньня шэраг гэтых тэзаў быў агучаны Лукашэнкам. Хоць гаварылася аб перавагах беларускай мадэлі разьвіцьця, але адначасова было сказана, што ўсе яе рэсурсы вычарпаныя.

Узьнікае пытаньне, ці прывядзе тая мадэрнізацыя, якая цяпер праклямуецца, да размываньня аўтарытарнага рэжыму, як гэта было ў асобных краінах Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Думаю, што тут такой простай залежнасьці няма. Тым больш, для сёньняшняга кіраўніка дзяржавы ўсялякая вэстэрнізацыя апрыёры непрымальная. Наадварот, у дакладзе ўвесь час ішла апэляцыя да савецкай псыхалёгіі. І гэта нават падкрэсьлівалася адкрытым тэкстам, што мы такія, мы савецкія.

Калі казаць пра палітычную сфэру, дык спадзявацца на нейкую адлігу, нейкае пацяпленьне не выпадае. Думаю, што па часе гэтая мадэрнізацыя будзе спалучацца з далейшым зацісканьнем грамадзянскай супольнасьці. Назіраецца нейкая спроба паўтарыць кітайскі шлях.

У беларускім грамадзтве цяпер даволі вялікі пласт людзей, якіх такі спажывецкі падыход задавальняе. Пытаньне ў тым, ці доўга людзей будзе задавальняць такі прымітыўны набор, і ці хутка будзе расьці пласт прыхільнікаў пераменаў”.

(Карбалевіч: ) “Маё ўражаньне ад дакладу такое: усе гэтыя праграмы інавацыі, павышэньня ролі навукі будуць інтэграваны ў тую эканамічную мадэль, якая існуе сёньня ў Беларусі. То бок, гэта ня якасныя, а касмэтычныя зьмены”.

(Сіліцкі: ) “На ўспрыманьне дакладу вельмі моцна ўплывае сама асоба, харызма, падача, голас спадара Лукашэнкі. Калі паглядзець на гэты даклад на паперы і паспрабаваць яго прачытаць голасам Брэжнева, то можна зразумець, у якім часе мы жывем.

Гэта даклад лукашэнкаўскага застою, што б ён там ні казаў пра інавацыі, навуку. Ён ня толькі апэляваў да савецкага часу, гэта была і рыторыка савецкага часу. Мы маем сытуацыю, калі нічога не мяняецца. Гэта лукашэнкаўскі застой з такім андропаўска-кадэбісцкім адценьнем. Зь іншага боку, гэта адлюстроўвае пэўны стан нашага грамадзтва. Пакуль гэты застой будзе задавальняць пэўныя матэрыяльныя запыты асноўнай масы людзей, ён працуе, нікога гэта не турбуе. Людзі прыстасоўваюцца і баяцца, што калі гэтая сыстэма лясьнецца, то вернецца тая нестабільнасьць і галеча, якія былі у пачатку 1990-х гадоў. На гэтых страхах добра гуляе Лукашэнка. Ён ведае, што робіць, і гэта дае яму пэўны палітычны плён. Гэта пра першую частку дакладу.

Другая частка, тое, што прагучала ў канцы. Там пачалася “отсебятина”, прагучалі пагрозы. Ішоў даклад, усё было чынна — Лукашэнка выступаў, дарэчы, вельмі ўпэўнена, у яго быў добра пастаўлены голас. Відаць, што ягоныя сьпічрайтэры пастараліся. Даклад якасны, пераканаўчы, даволі аргумэнтаваны для свайго электарату.

А потым зрыў і страшны крык. Вось гэты градус экзыстэнцыйнага страху праявіўся ў поўнай меры. І ён адлюструецца на ўсіх сфэрах нашага жыцьця”.

(Класкоўскі: ) “Так, параўнаньне з застоем вельмі слушнае. Першае чыста візуальнае ўражаньне, калі тэлевізія пачала наўпроставую трансьляцыю, было адчуваньне, што паказваюць зьезд КПСС. Маю на ўвазе афармленьне, атрыбутыку і іншае. І візуальна, і сутнасна элемэнты застою прысутнічаюць. Другая слушная думка. Усё ж такі цяпер іншая сытуацыя, чым 25—30 гадоў назад. Бо ў грамадзтве ёсьць сілы, якія ладзяць супраціў, нягледзячы на моцны ціск. І вось гэты элемэнт экзыстэнцыйнага страху адлюстроўвае тое, што сытуацыя брэжнеўскага часу дакладна ня можа паўтарыцца. Цяпер усё ж такі іншы час. І такая сацыяльная мадэль ня можа доўга пратрываць”.

(Карбалевіч: ) “На мой погляд, агульная выснова з дакладу Лукашэнкі: у наступныя пяць гадоў, па вялікім рахунку, нічога ў краіне істотна мяняцца ня будзе, а будзе працягвацца цяперашняя палітыка. Такім чынам, падводзячы вынікі, можна адзначыць, што пачатак працы Ўсебеларускага народнага сходу паказаў, што перадвыбарчая барацьба абвастраецца і набывае ўсё больш сілавы характар”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG