Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Rzeczpospolita”: у Беларусі мяняецца палітычны клімат


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскія мэдыі пішуць сёньня пра “жучкі” у штабе Аляксандра Мілінкевіча, адзначаючы, што гэа для сучаснай Беларусі “нармальная практыка”, а таксама пра тое, што дэмакратыя ў Беларусі можа перамагчы значна хутчэй, чым лічаць некаторыя пэсімісты.

“Gazeta Wyborcza” піша, што штаб Аляксандра Мілінкевіча мае намер накіраваць у пракуратуру заяву ў справе знойдзенага ў Берасьці “жучка”, бо гэта “парушэньне заканадаўства, у тым ліку і выбарчага”.

“Але мы ўжо не шукаем прыстасаваньняў да сакрэтнага праслухоўваньня – кожны ведае, што нас увесь час праслухоўваюць і за намі сочаць. Гэта ў пэўным сэнсе візытная картка сучснай Беларусі,” – цытуе газэта словы актывістаў штабу Аляксандра Мілінкевіча.

Між тым іншы польскі штодзёньнік "Rzeczpospolita” піша, што дэмакратызацыя Беларусі можа быць значна лягчэйшай, чым некаторыя цяпер думаюць.

“Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, праўдападобна, выйграе Лукашэнка, зрабіўшы сабе патрэбны вынік. Наўрад ці міжнародная супольнасьць не прызнае яго – ён напэўна будзе працягваць кіраваць аўтарытарнымі мэтадамі. Але цяперашні беларускі кіраўнік ня зможа так свабодна гэта рабіць, як дагэтуль, бо будзе абмежаваны сілай пратэсту пэўнай часткі грамадзтва – у Беларусі мяняецца палітычны клімат”, – адзначае "Rzeczpospolita”.

Газэта піша, што нягледзячы на перасьлед незалежных мэдыяў з боку ўладаў і пакараньні за ўдзел у апазыцыйных акцыях ці працу ў грамадзкіх арганізацыях, колькасьць прыхільнікаў апазыцыі ў Беларусі ў параўнаньні з мінулымі прэзыдэнцкімі выбарамі павялічылася.

“Тая падтрымка, якую мае цяпер апазыцыя, гэта нядрэнны стартавы капітал да наступных выбараў. Адна з умоваў посьпеху – захаваць кансалідацыю дэмакратычных сілаў, што для некаторых лідэраў можа быць цяжкім выпрабаваньнем, а таксама супрацоўніцтва з палітычнымі сіламі замежных краінаў (ня толькі тымі, што цяпер пры ўладзе), якія падтрымліваюць дэмакратычныя перамены ў Беларусі”, – напісаў польскі штодзёньнік “Rzeczpospolita”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG