Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбылося паседжаньне "саюзнага" саўміну


Радыё Свабода Прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Фрадкоў сустрэўся з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у Менску. Сярод іншага абмяркоўвалася сытуацыя ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Міхаіл Фрадкоў заявіў, што не сумняецца, што народ Беларусі зробіць правільны выбар, які ўмацуе будаўніцтва саюзнай краіны.

Міхаіл Фрадкоў прыехаў у Менск на паседжаньне так званага саюзнага савету міністраў, на якім разглядалі пятнаццаць пытаньняў — сярод іх балянс паліўна-энэргетычных рэсурсаў да 2020 году. На сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам расейскі прэм’ер адзначыў, што сынхранізацыя дзеяньняў у сфэры эканомікі падмацуе палітычныя чаканьні беларускага народу.

(Фрадкоў: ) “Сёньня мы праводзім паседжаньне ўраду саюзнай краіны. Вельмі важна, што гэтае паседжаньне праходзіць адразу пасьля паседжаньня найвышэйшага дзяржсавету і вашай сустрэчы з прэзыдэнтам Пуціным. І сёньняшні парадак дня саюзнага ўраду зьяўляецца фактычна працягам гэтага дзяржсавету, і мы канкрэтызуем даручэньні, якія вы разам з прэзыдэнтам Расеі далі ў студзені ў Санкт-Пецярбургу”.

Аляксандар Лукашэнка гэтак ацаніў сытуацыю ў Беларусі:

(Лукашэнка: ) “Як вы бачыце, у нас усё ціха і спакойна. Так будзе заўсёды, нягледзячы на вострую палітычную сытуацыю. Сытуацыя ня проста кантраляваная, а абсалютна нармальная”.

Кіраўнік расейскага ўраду перадаў Аляксандру Лукашэнку прывітаньне ад Уладзімера Пуціна.

Нагадаем, падчас прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне расейскі кіраўнік некалькі разоў асабіста прылятаў у Кіеў дзеля падтрымкі Віктара Януковіча. Ці плянуе расейскі прэзыдэнт візыт у Менск падчас выбараў, прэсавая служба беларускага МЗС не паведамляе. Паводле прадстаўніка саюзных органаў у Менску Паўла Казімчака, чарговае паседжаньне найвышэйшага дзяржсавету плянуецца ў красавіку, але пакуль няма пацьвярджэньня, што яно наагул адбудзецца. Ці абмяркоўвалі на саўміне магчымую падтрымку Аляксандра Лукашэнкі расейскім бокам на выбарах?

(Казімчак: ) “Ні слова. Я ўвесь саўмін прабыў ад пачатку да канца. У нас плянавае паседжаньне савету міністраў саюзнай краіны. Гэта абсалютна ніякага дачыненьня ня мае да выбараў. Мы сёньня разглядалі вельмі многа пытаньняў. Па некалькіх праграмах прыняты справаздачы і ўхваленьне на будучае, на распрацоўку праграмаў”.

Кіраўнік штабу Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Калякін мяркуе, што візыт расейскага прэм’ера наўрад ці зьвязаны з выбарамі, бо беларускія ўлады ўжо даўно ўсё вырашылі.

(Калякін: ) “Ні на што яны ня будуць зьвяртаць увагі. У нас выбараў няма. Будуць прымушаць Лукашэнку на нешта пагаджацца перад выбарамі. Я думаю, гэта будзе ўціск, каб нешта аддаў Расеі — магчыма, у абмен на нейкае прызнаньне з боку Расеі нелегітымных выбараў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG