Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Будзьце пракляты вы, каты свабоды!"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў – 6 сакавіка. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Жыхар Менску: ) “Паважаная “Свабода”, адкажыце, калі ласка, як зрэагавала Масква і асабіста Пуцін на зьбіцьцё міліцыянтамі кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна? Бо пра тое, як адрэагавалі ЗША і Джордж Буш вы паведамілі, а вось пра Маскву і Пуціна чамусьці замоўчваеце. Будзьце аб’ектыўнымі ва ўсім да канца”.

(Спадар: ) “Сёньня слухаў выступленьне ў вашай праграме рэдактара “Нашай Нівы”. Дык вось спадар Дынько казаў, што Казулін – гэта праект улады. Мне здаецца, сам Дынько праект улады ў тым сэнсе, што ён дзейнічае на разьяднаньне нашага грамадзтва. Вельмі правільна сказаў Хашчавацкі: “Адзін з аднаго боку, другі з другога боку – і беларусы ўсё ж такі змагаюцца”. Трэба сказаць, што гэты праект улады, праект спадара Дынько, бачны і чутны ўсёй Беларусі. Вельмі сорамна і шкада “Нашу Ніву”. Такой стала газэта… У Маладэчна многія ўжо адмовіліся падпісвацца, а хто і атрымоўвае, то адкладае ўбок. Затое слухаем вашыя перадачы. Дзякуй вам”.

(Спадар: ) “Сёньня адбылася сустрэча Мілінкевіча з выбаршчыкамі ў Салігорску. Гарадзкі палац культуры на тысячу месцаў быў перапоўнены! Яшчэ 2 тысячы чалавек стаялі ў холе і на вуліцы. Адзінага кандыдата сустракалі стоячы воплескамі. Калі б вы маглі сабе ўявіць, якую падтрымку сустрэў ён у Салігорску! Складаецца такое ўражаньне, што за Лукашэнку ў нашым раёне будзе галасаваць толькі яго асяродзьдзе і вэртыкаль, якая вісіць на кручку ў КДБ і якая будзе рабіць усё, што скажа Менск. За ўвесь вечар прагучалі толькі дзьве нэгатыўныя рэплікі на адрас Мілінкевіча: першая ад прадстаўніка камсамолу, а другая ад Галіны Віктараўны Пятрашкі, работніцы выканкаму, якую народ асьвістаў.

Лукашэнка... ня сьмей красьці нашыя галасы за Мілінкевіча!”

(Валер Шафчэнка: ) “Лічу, што ва ўмовах, калі існуючы рэжым перайшоў да сілавога сцэнару правядзеньня выбраў, калі дзясяткі і сотні актывістаў адлічаюць з навучальных установаў, звальняюць з працы, саджаюць за краты, робяць перашкоды ім сем’ям, вельмі патрэбна ня кідаць іх, як гэта было ў папярэдніх палітычных кампаніях і выбарах. Ці многія застаюцца актыўнымі, калі атрымаюць вялізныя адміністратыўныя штрафы, будуць асуджаныя па крымінальным артыкулах ці жорстка папярэджаны? Лічу, што замежным прыхільнікам дэмакратыі ў Беларусі трэба зрабіць публічную заяву рэпрэсаваным рэжымам грамадзянам ды іх семя’м, каб яны не засталіся сам-на-сам са сваімі праблемамі. Упэўнены, гэта адыграе ролю і значна пашырыць кола актывістаў выбарчай кампаніі”.

(Спадар: ) “...Асабіста я адношуся да тых людзей, якія вераць у Бога, але ня вераць у царкву, таму што ня кожная тая царква, на якой напісана, што гэта царква, і ня кожны той вернік, які кажа пра сябе, што той вернік. Звычайна бывае як раз наадварот. Але як бы там не было, дзяржаўныя чыноўнікі ў дадзеным выпадку паставілі сябе вышэй за Бога, нават калі Бог, у іхнім разуменьні, гэта ўсяго толькі мэтафара. Для таго, каб папрасіць нешта ў Бога ці праславіць Бога, трэба спачатку папрасіць дазвол у чыноўнікаў. Пры гэтым чыноўнік забывае, што ягоная ўлада заснаваная на гэтай мэтафары. Я нязгодны з тым, чаму вучаць у царкве, але царква ў свой час пашырала Біблію. І гэта добра, ня гледзячы на ўсё астатняе царкоўнае крывадушша...”

(Спадарыня: ) “Хачу выказацца пра Казуліна. Як гэта добра, што яго не пусьцілі на той сход. Што б ён там нарабіў! Тут ужо прыемна-непрыемна, але неяк абышлося. Выступаў – парваў газэты, сюды – лезе, партрэт разьбіў. Ну што ён адзін хоча даказаць? Ну гэта ж будучы прэзыдэнт. Мілінкевіч, Гайдукевіч выступаюць як трэба, дзе лепей, дзе горш, крытыкуюць – усё правільна. А тое, што трэба парадку прытрымлівацца – дык трэба ж. Як такога прэзыдэнта мы будзем выбіраць?”

(Спадарыня: ) “Хачу праз вашую “Свабоду” зьвярнуцца да ўладаў. Я прапаноўваю наперад перадвыбарнай кампаніі арганізаваць званкі на беларускае тэлебачаньне, каб людзі маглі выказаць сваё меркаваньне па гэтым пытаньні. А то беларуская “Свабода” пускае ў эфір толькі меркаваньне паплечнікаў Буша, па ўсякаму лае Лукашэнку і ім няма ніякага супрацьлеглага меркаваньня”.

(Спадар: ) “Усе дзеяньні ў нашай краіне нагадваюць савецкія часы. Пры ўсіх добрых намерах прэзыдэнта, адсутнасьць свабоды слова вельмі насьцярожвае і падпадае пад сумнеў усё астатняе”.

(Мікола Канаховіч: ) “Паважанае беларускае Радыё Свабода! Я прачытаю слухачам верш мэтра нашай беларускай паэзіі, сапраўднага сына і патрыёта Беларусі, напісаны ім яшчэ ў 2002 годзе. Але гэты верш надзвычай пасуе сёньня, менавіта ў гэтыя трывожныя дні. Называецца “Праклён”.

Будзьце пракляты вы, каты свабоды! Вы, што душылi i душыце нас! Вы, акупатары нашай гасподы, Нашых багаццяў i нашых украс! Будзьце пракляты i вы, запраданцы, Лёсам народу майго гандляры! Юдавы выб...кі i ўзгадаванцы! Брудных i блудных таргоў махляры! Будзьце пракляты i вы, вырачэнцы Мовы i духу бацькоўскай зямлi! Вы, надзiманыя пыхай нiкчэмцы, Волi i хэнцi чужой халуi! Гэта з крыжа я крычу вам, распяты Горам народа i болем маiм. Будзьце пракляты вы! Будзьце пракляты! Сёння i заўтра й вавекi! Амiн!”

(Спадар: ) “У 1994 годзе Павал Глоба прадказаў перамогу дзеючага прэзыдэнта на выбарах і сказаў, што той будзе пасьпяхова кіраваць толькі 12 год, адзін астралягічны цыкл. Час, як кажуць, падышоў, і пасьля жніўня месяца Лукашэнку не чакаюць ніякія перамогі. Вось чаму ён датэрмінова перасунуў выбар на сакавік месяц, ліхаманкава чапляючыся за ўладу. Увогуле, калі глянуць на ўсе рэфэрэндумы і іншыя справы Лукашэнкі, то ён выбіраў час паміж дзьвюма зацьменьнямі, месячным і сонечным. І, як кажуць, ёсьць пра што падумаць”.

(Анастас Семяновіч: ) “Я думаю, што ў Беларусі ніякага войска ня трэба. Мы – нэўтральная дзяржава. Праўда, для галоўнага начальніка Беларусі войска і максымальна АМОН трэба трымаць, каб яго ніхто ня скраў. Бяда ў тым, што ён нікому не патрэбны. Калі будзе выбраны нармальны прэзыдэнт, то ён АМОН на сто адсоткаў скароціць. І хай здаровыя дзядзькі ідуць рабіць у чыгуначныя, сталеліцейныя, тэрмічныя і іншыя цэхі. Яны нікому не патрэбныя. Ахоўваць прэзыдэнта трэба максымум 2-3 чалавекі. Армію трэба скараціць на 99 адсоткаў. Пакінуць максымум сто прыгожых зграбных хлопцаў для сустрэчы прэзыдэнтаў іншых краінаў. Пасьля Лукашэнкі да нас будуць ехаць прэзыдэнты для перамоваў. Будзе ня так як цяпер: Беларусь ізалявана ад сьвету. Гэта вялікая трагедыя для роднай Беларусі”.

(Міхаіл, Берасьцейшчына: ) “Учора ў перадачы Эдварда Радзінскага “Сьмерць Сталіна” было сказана, што большасьць дыктатараў сканчалі сваю дыктатарскую дзейнасьць гібельлю альбо іншым шляхам менавіта ў сакавіку месяцы. Можа і нам гэта пагражае?”

(Аляксандра, Слуцк: ) “Учора быў у сваёй маці, якой за 70. Яна прыхільніца дзеючага прэзыдэнта. Пагаварылі аб апошніх падзеях у сувязі з выбарамі аб абліваньні Лукашэнкам кандыдатаў, аб зьбіваньні аднаго зь іх, аб немагчымасьці весьці нармальную выбарчую кампанію пры такім ціску ўладаў. Гаварылі таксама аб яго маральным абліччы, аб яго “выдатным” веданьні гісторыі і літаратуры. У выніку маці пагадзілася, што галасаваць за яго нельга.

Я зьвяртаюся да людзей маладога і сярэдняга ўзросту. Адкрыйце вочы сваім бацькам, калі яны залеплены лукашэнкаўскай прапагандай. Мы заслугоўваем лепшага жыцьця”.

(Спадарыня: ) “Калі пасьля 19 сакавіка мадам Ярмошына намалюе перамогу дзеючаму прэзыдэнту, прапаную, краіну, дзе жыве і працягвае існаваць электарат цяперашняга прэзыдэнта, чыноўнікі розных рангаў, а таксама БТ, ідэоляг самага правільнага ўсенародна абранага прэзыдэнта і адзінага ў сьвеце інтэлектуала, што вырас на паэзіі Быкава, прапаную назваць краіну Прахляндыяй. А астатнія людзі, сумленныя, сьвядомыя будуць жыць у краіне Каліноўскага, Купалы, Быкава, Пазьняка і тысяч іншых выбітных беларусаў на зямлі сваіх прадзедаў з назвай Беларусь ці Вялікае Княства Беларусь. У ёй ня будзе такіх як Паўлічэнка і Шэйман, Ярмошына і іх памагатых. Хай просяцца ў вялікую Расею. У цывілізаваны сьвет іх не пускаюць ужо цяпер, але ў Расеі, такіх як яны, і сваіх хапае...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG