Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнсацыяй завяршылася ўзнагароджваньне "Оскарамі"


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Фільм “Гарбатая гара” – гісторыя каханьня двух каўбояў-гомасэксуалістаў, які лічыўся галоўным прэтэндэнтам на “Оскара” ў намінацыі “лепшы фільм”, гэтай узнагароды не атрымаў. Самую прэстыжную статуэтку кінаакадэмікі аддалі стужцы “Сутыкненьне”.

Словы знакамітага актора Джэка Нікалсана, які абвяшчаў рашэньне акадэмікаў у намінацыі “лепшы фільм”, сталі найвялікшай нечаканасьцю цырымоніі.

(Нікалсан: ) “І Оскар атрымлівае… “Сутыкненьне”.

Фільм “Сутыкненьне” адлюстроўвае расавыя і клясавыя канфлікты ў сучасным Лос-Анжэлесе. Стваральнікі карціны, прымаючы ўзнагароду, выказалі павагу да іншых намінантаў, і заявілі, што мінулы кінагод у ЗША быў адным з самых непаўторных.

Энг Лі – пастаноўшчык “Гарбатай гары” – атрымаў “Оскара” за лепшую рэжысуру. Фільм далікатна расказвае гісторыю трагічнага каханьня двух жанатых мужчын-каўбояў, якія вымушаныя хаваць ад знаёмых і блізкіх сваё пачуцьцё. “Гарбатая гара”, якая была намінаваная на восем “Оскараў”, атрымала яшчэ дзьве статуэткі – за лепшы адаптаваны сцэнар і за лепшую музыку. Гэты фільм лічыўся фаварытам ужо таму, што раней сёлета атрымаў шэраг прэстыжных узнагародаў, улучна з чатырма “Залатымі глёбусамі”.

Акторка Хілары Свэнк абвясьціла пераможцу ў намінацыі “лепшы актор”.

(Свэнк: ) “Оскар атрымлівае Філіп Сэймур Хофман за ролю ў фільме “Капотэ”.

У аснове фільма сапраўдная гісторыя пра рост папулярнасьці пісьменьніка Трумэна Капотэ пасьля таго, як ён напісаў выдатную кнігу пра іншую рэальную гісторыю забойства сям’і ў Канзасе ў 1950-х гадах і суд над двума забойцамі. Крытыкі адзначаюць моцнае пераўвасабленьне актора Хофмана ў пісьменьніка Капотэ і асабліва перадачу галасавых характарыстык пэрсанажа.

Яшчэ адным “Оскарам” адзначаная Рыз Уізэрспун за лепшую жаночую ролю ў фільме “Шпацыр па лініі”. Гэта кінабіяграфія выканаўцы песень у стылі “кантры” Джоні Кэш.

Джордж Клуні атрымаў “Оскара” за лепшую мужчынскую ролю другога пляну ў фільме “Сырыяна” – палітычным трылеры пра праблемы глябальнай нафтавай індустрыі. У сваёй прамове Клуні зьвярнуўся непасрэдна да кансэрватыўных крытыкаў, якія цьвердзяць, што ў Галівудзе занадта шмат лібэралаў і што яны вельмі далёкія ад традыцыйных амэрыканскіх каштоўнасьцяў.

(Клуні: ) “Я ганаруся, што я частка гэтай Акадэміі. Я ганаруся, што я частка гэтай супольнасьці і ганаруся “быць далёкім”. І я дзякую вам за гэта”.

Лепшым замежным фільмам стала паўднёва-амэрыканская стужка “Тсотсі”. У яе аснове – раман Атоля Фагарда пра маладога злачынцу, жыцьцё якога мяняецца пасьля таго, як ён знайшоў дзіця на заднім сядзеньні аўтамабіля, які ён скраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG