Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"The New York Times" піша пра "апошняга дыктатара Эўропы"


Віталь Цыганкоў, Прага Напярэдадні выбараў пра сытуацыю ў Беларусі ўсё больш піша заходняя прэса. Сёньня артыкулы апублікавалі дзьве найбуйнейшыя амэрыканскія газэты – "The New York Times" і "The Washington post". “Больш увагі да сытуацыі ў Беларусі зараз могуць прадухіліць больш пралітай крыві пазьней”, – лічаць заходнія журналісты.

"19 сакавіка ў Беларусі адбудуцца прэзыдэнцкія выбары, і гэтыя выбары будуць фарсам", – гэтак пачынаецца рэдакцыйны камэнтар у газэце "The New York Times". – "Калі нехта меў нейкія сумневы на гэты конт, у чацьвер галаварэзы апошняга дыктатара ў Эўропе брутальна зьбілі аднаго з кандыдатаў Аляксандра Казуліна. На ўсебеларускім народным сходзе, куды імкнуўся патрапіць Казулін, Лукашэнка рабіў злавесныя пагрозы супраць тых, хто паспрабуе распачаць каляровую рэвалюцыю. Лукашэнка ўжывае сілу, каб не пакінуць сумненьняў сваім апанэнтам, што калі яны выйдуць на вуліцы, будзе пралітая кроў. Казулін быў затрыманы на некалькі гадзінаў і пасьля свайго вызваленьня заявіў, што Лукашэнка “баіцца ўласнага народу”. Сапраўды, ад самога свайго абраньня беларускі кіраўнік вярнуў неабмежаваную ўладу і старое імя КДБ і зьнішчае ўсялякую апазыцыю".

Абавязкам Захаду зрабіць надзвычай ясным – як для Лукашэнкі, гэтак і для тых, хто падтрымлівае яго ў Расеі, што сьвет сочыць за падзеямі ў Беларусі вельмі ўважліва. Стывэн Хэдлі, дарадца у справах нацыянальнай бясьпекі, меў рацыю, калі сказаў, што пакуль абурэньне і міжнародная ўвага да Беларусі недастатковыя. "Больш абурэньня і ўвагі зараз могуць прадухіліць больш пралітай крыві пазьней", – гаворыцца ў рэдакцыйным артыкуле "The New York Times".

“Дыктатарскія выбары,” – такі загаловак мае публікацыя ў іншай найбуйнейшай амэрыканскай газэце "The Washington Post". Газэта нагадвае, што кіраўнік Беларусі пазбавіў беларускую апазыцыю матэрыяльных сродкаў, доступу да мэдыяў, магчымасьцяў свабодна праходзіць маніфэстацыі. Ён увёў заканадаўства, паводле якога зьнявагу прэзыдэнта караецца як крымінальнае злачынства, так што ягоныя канкурэнты фактычна ня могуць крытыкаваць яго бяз рызыкі апынуцца за кратамі. Але за два тыдні да дня галасаваньня, выглядае, што Лукашэнка ўсё больш непакоіцца, што пацьвердзіла ягоная трохгадзінная тырада падчас Усебеларускага народнага сходу. Чаго баіцца Лукашэнка? Магчыма, таго, што Аляксандр Мілінкевіч заклікаў беларусаў выйсьці на плошчу 19 сакавіка, каб адстойваць сапраўдныя вынікі выбараў.

Трэба аддаць належная заходнім лідэрам, – піша газэта, – прэзыдэнт ЗША Буш сустрэўся з жонкамі двух зьніклых беларусаў. Але зараз Захад павінен падрыхтавацца зрабіць пэўныя крокі ў тым выпадку, калі выбары будуць сфальшаваныя альбо калі Лукашэнка ўжыве гвалт. Прэзыдэнт Буш павінен заклікаць да адказнасьці галоўнага эканамічнага і палітычнага спонсара рэжыму Лукашэнкі – прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. Гэта адзіны кіраўнік краіны, акрамя самога Лукашэнкі, які ўсё яшчэ падтрымлівае дыктатуру ў Эўропе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG