Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Радзівіл, чыё аўто абстралялі 2 сакавіка, пяты дзень знаходзіцца за кратамі


Радыё Свабода Актывіста штабу Аляксандра Казуліна менчука Юрыя Радзівіла зьмясьцілі ў Менскі сьледчы ізалятар. Калегі Юрыя Радзівіла працягваюць змагацца за ягонае вызваленьне. Праваабаронца А.Воўчак лічыць: “Справу на актывіста штабу Казуліна завялі незаконна”

Пяты дзень знаходзіцца пад вартай менскі прадпрымальнік Юры Радзівіл. 5 сакавіка яго зьмясьцілі ў Менскі сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. Праваабаронца Алег Воўчак мяркуе, што справу супраць прадпрымальніка завялі з парушэньнем закону, паколькі не апыталі ўсіх сьведкаў інцыдэнту.

(Воўчак: ) “Нам казалі, што яго будуць арыштоўваць у панядзелак 6 сакавіка, а замест гэтага таемна, нейкім дзіўным чынам арыштавалі ў нядзелю. Відавочна, што пракуратура ня хоча агалошваць гэтую справу. Ня хоча, каб пра яе паведамлялі журналісты і ведалі назіральнікі АБСЭ”.

Нагадаю, 2 сакавіка невядомыя супрацоўнікі сілавых структураў стралялі па аўтамабілі Юрыя Радзівіла непадалёк ад Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі, калі там трымалі кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна.

Пазьней Юрыя Радзівіла абвінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыі, з пагрозай гвалту супрацоўніку, і завялі на яго крымінальную справу. Прадпрымальніку пагражае 6 гадоў пазбаўленьня волі. Спробы абаронцаў Юрыя Радзівіла дамагчыся для яго зьмены меры стрыманьня на падпіску пра нявыезд выніку не далі.

Сёньня сьведкі інцыдэнту з удзелам Юрыя Радзівіла прыйшлі ў пракуратуру Маскоўскага раёну Менску даць паказаньні.

Сьведка Андрэй Максімаў настойвае, што невядомыя супрацоўнікі сілавых структураў не называлі сябе, калі затрымлівалі людзей побач з райаддзелам міліцыі. Паводле Андрэя Максімава, кіраваў невядомымі супрацоўнікамі той жа чалавек, што страляў і па аўтамабілі Юрыя Радзівіла.

Сьведка зьдзіўляецца і паводзінам міліцыянтаў з Кастрычніцкага РУУС падчас інцыдэнту.

(Максімаў: ) “Усе журналісты, тыя, хто там быў, казалі міліцыянтам, паказваючы на гэтых людзей у чорным: “Вось тыя, хто зьбіваў рукамі і нагамі Аляксандра Казуліна, бярэце іх”. Ніякай рэакцыі. І калі нас пачалі хапаць, каб цягнуць у аўтобус, ніхто ніякіх дакумэнтаў не паказваў і не называўся”.

Паводле Андрэя Максімава, сьледчы пракуратуры Барыс Салаўянчык, які вядзе справу, падрабязна запісаў ягоныя паказаньні. Падобныя паказаньні даў і сьведка Ўладзімер Жараў.

Сьледчы пракуратуры Барыс Салаўянчык па-ранейшаму адмаўляецца размаўляць пра справу Радзівіла з журналістамі.

Гл.таксама • Пасьля затрыманьня Казуліна адбыўся інцыдэнт са стралянінай • 2 сакавіка ў Менску – у фатаграфіях
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG