Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як кандыдаты ў прэзыдэнты ставяцца да беларускага войска


Радыё Свабода Кіраўнік Беларусі заяўляе, што аўтарытэт беларускага войска ўзрос у грамадзтве, а трапіць у яго можна толькі па конкурсу. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, вайсковая служба стала прэстыжнай і ганаровай. Разам з тым ён заявіў на Ўсебеларускім сходзе, што дзеці апазыцыянэраў, маўляў, “адкасілі” ад арміі. Якім бачаць беларускае войска кандыдаты ў прэзыдэнты?

Сяргей Гайдукевіч у сваёй праграме, надрукаванай ў мэдыях, ні слова не прысьвяціў войску. Кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Уладзімер Карунас выступае за моцнае войска.

(Карунас: ) “Хаця, здаецца, нам ніхто і не пагражае, але ўсё роўна войска патрэбнае як аснова стабільнасьці. У нас лішнія рэзэрвы ёсьць. Вялікае войска не патрэбнае. Яно павінна быць мабільным, добра забясьпечаным тэхнікай”.

Спадар Карунас адхіляе абвінавачваньні Аляксандра Лукашэнкі, што дзеці апазыцыянэраў «адкасілі» ад службы ў войску і кажа пра свайго сына:

(Карунас: ) “Ён скончыў мэдінстытут. У яго, на жаль, з вачыма была праблема. Ён не прайшоў мэдкамісію. А ў Сяргея Гайдукевіча сын – афіцэр, скончыў акадэмію МУС”.

Аляксандар Казулін заяўляе, што Беларусь мірная краіна і навошта ёй правакаваць канфлікты?

(Казулін: ) “Навошта нам лязгаць зброяй ў мірны час? Тым больш дзіўна, што Расея сабе не дазваляе такога, што дазваляе сабе Беларусь”.

Паводле спадара Казуліна, патрэбна прафэсійнае войска, прыкладна ў 50 тысяч. Да вайскоўцаў ён ставіцца з павагай.

(Казулін: ) “Галоўнае, каб яны служылі Айчыне, а не пэўнай асобе. Тады ў нас усё будзе ў парадку. А сёньня, калі ў нас штогод праходзяць вайсковыя вучэньні, запуск адной ракеты прыблізны па вартасьці камбайну. Навошта нам у паветра запускаць камбайны?”

Аляксандар Лукашэнка адносна вайсковай службы заявіў, зьвяртаючыся да міністра абароны:

(Лукашэнка: ) “Усіх у войска, Леанід Сямёнавіч. Ня пойдуць – па закону пытайцеся! Усе “адкасілі” ад войска. Вось нядаўна ўзялі і праверылі ўсіх апазыцыянэраў, хто ў іх за сьпіной стаіць і дзяцей: усе “адкасілі” ад войска. Там бы хоць мазгі прачысьцілі ім”.

Аляксандар Казулін камэнтуе гэты пасаж:

(Казулін: ) “У яго, напэўна, блакітная мара, каб усе грамадзяне Беларусі служылі ў войску. І каб ён быў вярхоўным галоўнакамандуючым. Таму няхай прачысьціць сабе мазгі і апамятаецца”.

У спадара Казуліна дзьве дачкі. Адносна дзяцей апазыцыянэраў ён заўважыў:

(Казулін: ) “Я проста ведаю характар Лукашэнкі. Яму галоўнае абліць гразёй”.

У Аляксандра Мілінкевіча двое сыноў: аднаму яшчэ толькі 16 гадоў, а другі скончыў юрыдычны факультэт. Да прыкладу, у кіраўніка штабу Сяргея Калякіна сын яшчэ па ўзросту не прыдатны да службы. Тое ж самае ў сябра штабу спадара Мілінкевіча Сяргея Вазьняка.

(Вазьняк: ) “Калі чалавек “адкасіў” ад войска незаконна, то супраць яго павінна быць пачатая крымінальная справа. А паколькі нічога такога няма, то гэта чарговая выдумка Лукашэнкі”.

У праграме спадара Мілінкевіча гаворыцца, што ў дэмакратычнай Беларусі будзе невялікае, мабільнае, прафэсійнае войска.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG