Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэфіцыту печнікоў няма – ёсьць недахоп прафэсіяналаў


Радыё Свабода Пячная справа ў Беларусі мае багатую традыцыю. Аднак зь цягам часу майстроў экстра-клясу станавілася ўсё менш. Сёньняшні дзень – не выключэньне. Хоць зьявілася надзея: узрастаючы попыт народзіць печнікоў вышэйшай кваліфікацыі. Пра нацыянальныя адметнасьці пячнога рамяства расказвае наш карэспандэнт.

Печ – галава ўсёй хаце, кажуць у народзе. “Пачынаючы з канца ХV – пачатку ХVІ стагодзьдзя, кафляная печ становіцца галоўным элемэнтам інтэр’еру любога заможнага будынку, як культавага, так і сьвецкага”,– гаворыць вядомы археоляг Алег Трусаў. Тэму працягвае Сафія Табола зь вёскі Заазерцы Шаркоўшчынскага раёну.

(Табола: ) “Печ – яна і абагравае, і гатуе, і корміць. Вельмі любіць сядзець на печы мая ўнучка. Казкі чытаем. Мне зроблена лямпачка над печкай. Дужа добра і выгадна. А калі во былі гэтыя траскучыя маразы, дык я наагул зь печы не хацела злазіць. А яшчэ маю печ любіць мой кот. Добрая печ– гэта вялікая радасьць у хаце”.

(Карэспандэнт: ) “У вас добрая печ?”

(Табола: ) “У мяне добрая печ. У мяне сын пячнік”.

Шараговы люд задавальняўся печамі з гліны. Мае далёкія продкі з Хойніцкага раёну будавалі іх так. Бралі дзьве скрыні – большую й меншую, пустату паміж якімі запаўнялі вільготнай глінай. Гліна высыхала і атрымлівалася печ, над якой узводзіўся таксама гліняны комін. Такія старасьвецкія печы былі, зразумела, недаўгавечнымі і небясьпечнымі. У гліне ўтвараліся шчыліны, якія спрычыняліся да частых пажараў.

На зьмену глінабітным прыблізна ў ХІХ стагодзьдзі прыйшлі мураваныя печы. Іх рабілі муляры альбо печкуры, як называлі ды й называюць зараз у некаторых рэгіёнах печнікоў. Яны вымуроўвалі печ і комін з цэглы.

Цагляныя печы стогадовай даўніны й сучасныя – розныя. Бо за апошнія паўвеку адбыўся тэхналягічны прагрэс у канструкцыі печаў. Расказвае спадарыня Табола з Шаркоўшчыны:

(Табола: ) “Тут у мяне і гарачая вада, тут у мяне й духоўка зробленая. Як паліш пліту, то награваецца духоўка. Як паліш печ, то ёсьць абагравальнік. Раней жа печы калі рабілі, то ў іх не было абаротаў – дым ішоў прама. Ён выходзіў прама ў комін. А зараз новыя майстры робяць у хаце абагравальнік. Некалькі абаротаў робіць дым. А потым ужо выходзіць у комін”.

Але ці ўсе сучасныя вяскоўцы маюць такія печы?

(Дашкевіч: ) “Гэтак як і людзі – разваліліся гэтыя печкі. Тут адны пажары з-за гэтых печак”,

кажа Віктар Дашкевіч з капыльскай вёскі Калодзезнае. Паводле ягоных словаў, разам з гаспадарамі старэюць і печы – неабходна масава будаваць новыя:

(Дашкевіч: ) “Я сабе сам склаў печ. Але зараз яна мяне мучыць. Першую зіму яна лепш гарэла, а вось далей… Можа, дзесьці штосьці абвалілася. Таму што першы раз клаў і клаў па чарцяжы, але досьведу няма і навыкаў печніка таксама няма. Нейкае ўяўленьне ёсьць – я ўсё ж такі будаўнік. Кніжку пачытаў, але практыкі няма, досьведу няма. У літаратуры мала дзе знойдзеш асаблівасьцей, якіх, калі кладзеш, трэба прытрымлівацца”.

Чаму спадар Дашкевіч узяўся за нязвыклую для сябе справу?

(Дашкевіч: ) “У нас тут сапраўдных печнікоў – адзін-два. Я ведаю, у Капылі ёсьць адзін адукаваны пячнік. Астатнія – гэтак як і я. Пабылі каля печніка пару дзён, і ўжо яны кажуць – печнікі...”

Юля Бука жыве на Глыбоччыне, у вёсцы Валодзькава:

(Бука ) “На сёньняшні дзень у нас вельмі цяжка знайсьці печніка. Я ніколі ня чула, каб хто клаў цяпер рускую печ, каб і паляжаць на ёй”.

Іван Няхай зь Лядаў Чэрвеньскага раёну. Каб зрабіць добрую печ у хаце, ён у пошуках сапраўднага майстра аб’езьдзіў ня толькі свой раён, а й суседнія:

(Няхай: ) “Тут такія печнікі, што яны ня могуць абкладваць. Дык я ўжо і ў Чэрвені быў, і ў Градзянцы Асіповіцкага раёну, езьдзіў у Якшыцы Бярэзінскага... Няма такіх спэцыялістаў! Я печніка наймаў аж у Блоні Пухавіцкага раёну. Вось адтуль прывёз. Ён сказаў, што я табе зраблю печ не на тры гады, а на трыццаць. І ён мне зрабіў печ”.

(Карэспандэнт: ) “Добрая?”

(Няхай: ) “Добрая. Таго печніка ўжо няма...”

Антону Галавачу– за семдзесят, лічыцца найлепшым майстрам Капыльшчыны:

(Галавач: ) “Вось дзе я жыву, тут у Капылі, можна сказаць у кожнай чацьвёртай хаце мая печ. Зь любога матэрыялу магу рабіць. Робяць розныя печы. Ёсьць печы-цяплушкі. Ёсьць печ руская звычайная. Але яна не абагрэе. А цяплушка можа абагрэць усе чатыры пакоі вакол. Каміны робяць. Розныя печы робяць. Рабіў я – езьдзіў кругом. Быў у Менску. Рабіў там камін. На летніках рабіў...”

Пячное рамяство, як і любое іншае, мае свае сакрэты. У чым яны?

(Рудзянкова: ) “Там трэба правільна дымаходы выкласьці. Як дым ідзе. Таму што можна напрасткі – і цяпло будзе выходзіць. Там жа дымаходы ідуць па гарызанталі – як бы па сьпіралі. І чым больш дымаходаў, абаротаў, тым больш цяпло затрымліваецца ўнутры печкі, награвае самі сьценкі”.

Гэтак патлумачыла мне сакрэты пячнога рамяства Любоў Рудзянкова, намесьніца дырэктара Менскага прафэсійнага ліцэю №5, дзе вучаць на печніка. Штогод кваліфікацыю “муляр-пячнік” там атрымліваюць каля трох дзясяткаў юнакоў. Такія ўстановы ёсьць у кожнай вобласьці. Пра майстэрства сваіх выпускнікоў спадарыня Рудзянкова выказалася гэткім чынам:

(Рудзянкова: ) “Вялікай практыкі яны ня маюць. Але скласьці печку могуць, вядома. Яны атрымліваюць разрад ня самы высокі. Яны атрымліваюць разрад печніка толькі трэці спачатку. Але кладуць, працуюць, вядома. Клясны досьвед з гадамі прыходзіць...”

Пераважная большасьць печнікоў з вучэльняў ідуць працаваць на будоўлі звычайнымі мулярамі. Печы кладуць – ад выпадку да выпадку. Ва ўсялякім разе, прафэсіяналаў, роўных па майстэрству таму ж Антону Галавачу, зь іх атрымліваецца ня шмат. Погаласка пра ўмельства дзеда Антося гуляе далёка ад роднай хаты. Але ў чым яно – ні ў гэтага майстра, ні ў іншых не дапытаесься.

(Галавач: ) “Прыяжджаюць сюды, забіраюць мяне, і еду на Менск. Зараз, ведаеце, як цікава робяць? Бяруць обальскую цэглу. Яна, вядома, дарагая: 800 тысяч рублёў – тысяча цаглін. І робіцца пад расшыўку. Потым пакрываецца пячным лякам. Вельмі прыгожа. Вось такая цяпер мода пайшла на летніках такіх “крутых”.

Гэта адна з разгадак, чаму элітных майстроў усё цяжэй убачыць за працай у звычайнай вясковай хаце. Тут ня маюць магчымасьцяў аплаціць гэтую працу па рынкавым кошце – некалькі соцень даляраў. Затое ўсё больш актыўна рамяство печнікоў карыстаецца попытам у гаспадароў элітных летнікаў і катэджаў. Вось і кажа стары майстар Антон Галавач: як стане расьці народны дабрабыт, падрасьце і сапраўдная зьмена яму самому… Пачатак гэтаму ўжо пакладзены.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG