Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія сацыял-дэмакраты асудзілі напад на А.Казуліна


Тацяна Поклад, Вільня Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя, кіруючая у краіне, распаўсюдзіла заяву з рэзкім асуджэньнем зьбіцьця і часовага арышту кандыдата на прэзыдэнты Беларусі Аляксандра Казуліна, а таксама нападу на яго прыхільнікаў.

У заяве Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі (ЛСДП) адзначаецца, што жорсткія дзеяньні супраць апазыцыі пакрываюць ганьбай іх выканаўцаў, што гэта парушае прынцыпы дэмакратыі і справядлівасьці ў часе выбарчай кампаніі.

Літоўскія сацыял-дэмакраты заявілі пра сваю салідарнасьць з калегамі па партыі ў Беларусі і выказалі падтрымку А.Казуліну адносна яго права бяз перашкодаў працягваць выбарчую кампанію. ЛСДП, выкарыстоўваючы свае цесныя сувязі з эўрапейскімі сацыял-дэмакратычнымі партыямі, заклікала таксама калегаў з Эўропы дапамагчы А.Казуліну на роўных умовах працягваць удзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.

Літоўскія парлямэнтары сацыял-дэмакраты Біруце Весайце, Альгірдас Сісас і Альгірдас Палецкіс паедуць у якасьці міжнародных назіральнікаў на выбары у Беларусь.

Як вядома, раней літоўскія сацыял-дэмакраты запрашалі А.Казуліна ў Вільню на 5-гадовы юбілей аб''яднаньня сваёй партыі, а лідэр ЛСДП і літоўскі прэм''ер А.Бразаўскас заявіў, што яго партыя падтрымлівае сацыял-дэмакрата А.Казуліна, які быў тады прэтэндэнтам у кандыдата на прэзыдэнта Беларусі. Тады А.Бразаўскас заяўляў, што супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам неабходнае, але літоўскі ўрад будзе адрозьніваць эканамічнае супрацоўніцтва з уладамі Лукашэнкі і палітычныя дачыненьні зь беларускім рэжымам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG