Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін і Мілінкевіч запісалі свае радыёзвароты да выбарцаў


Радыё Свабода Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін сёньня запісалі свае апошнія звароты да выбарцаў у якасьці кандыдатаў на прэзыдэнта, якія прагучаць на дзяржаўным радыё 6 сакавіка. Пра што ў іх ішла гаворка?

Аляксандар Казулін пачаў свой радыёвыступ абставінамі свайго зьбіцьця палкоўнікам Паўлічэнкам і ягонымі падначаленымі пад час спробы зарэгістравацца дэлегатам Усебеларускага сходу, а таксама перасьледу актывістаў ягонага штаба і журналістаў.

(Казулін: ) “Вось так, за вольнае слова, за спробу сказаць людзям праўду –удары кулаком, ботам, зьбіцьцё і зьдзекі, паламаныя рэбры, разьбітыя галовы. 2 сакавіка прагучалі першыя стрэлы, па загадзе ўлады, машына, у якой знаходзіліся тры дзяўчыны і хлопец, была практычна расстраляная ва ўпор нейкім адмарозкам – супрацоўнікам спэцпадразьдзяленьня”.

Аляксандар Казулін выказаў у сваім выступе і тое, што ён хацеў, але ня змог сказаць дэлегатам Усебеларускага сходу:

(Казулін: ) “Паводле якога права Аляксандар Лукашэнка спрабуе пераўтварыць сход ва ўласнае перадвыбарчае мерапрыемства? Народны форум падобнага роду нельга атручваць вернападданьніцкім экстазам. Да чаго прыводзіць культ асобы, мы ўжо ведаем”.

Аляксандар Казулін таксама паўтарыў тыя словы, якія былі выкінутыя з ягонага ўчарашняга тэлезвароту пра тое, што Аляксандар Лукашэнка некалі працаваў наглядчыкам у турме, пра тое, што ягоны сын Віктар незаконна стаў памочнікам прэзыдэнта, што ён ледзь не застрэліў хакеіста Захарава. Акрамя таго, спадар Казуліна нагадаў усхваленьне А. Лукашэнкам Гітлера ў інтэрвію нямецкай газэце “Гандэльсблат”.

(Казулін: ) “У што ён пераўтварыў нашу краіну? Мы краіна, якая ваявала з фашызмам, ахвяравала кожным трэцім сваім грамадзянінам – і дзеля чаго? Каб фашызм мог вярнуцца да нас у якасьці дзяржаўнай ідэалёгіі?”

Кандыдат ад аб''яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч паведаміў, што свой выступ ён пачаў з абставінаў ягонай сустрэчы з выбаршчыкамі на плошчы Свабоды ў Менску:

(Мілінкевіч: ) “Як улада баіцца, як яна ўсё ачапіла, перакрыла, яна баіцца ня толькі нашага сходу, яна баіцца і свайго сходу, іх таксама там ачапілі, хаця ён народны, але ад народу яны хаваюцца. Я пра гэта гаварыў, вельмі дзякаваў людзям, якія перамаглі страх, прыйшлі на сустрэчу. Я веру, што нас будзе больш, больш і больш”.

Сапраўдным Усебеларускім сходам спадар Мілінкевіч назваў плянаваную ім сустрэчу з выбарцамі 19 сакавіка на цэнтральнай плошчы Менску. Аляксандар Мілінкевіч абяцаў у выпадку прыходу да ўлады паспрыяць перагляду карупцыйных спраў людзей з бліжэйшага атачэньня А. Лукашэнкі – Жураўковай і Іванова. Ён таксама заявіў, што Лукашэнка ня мае права балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах.

(Мілінкевіч: ) “Ён чапляецца за ўладу, з кожным годам усё болей праяўляецца манія ўлады. Адсюль прапаганда, бруд, брахня, якія льюцца з дзяржаўных тэлеканалаў, адсюль і арышты”.

Спадар Мілінкевіч зноў прапанаваў Аляксандру Лукашэнку прамыя тэледэбаты:

(Мілінкевіч: ) “Чаму Вы баіцеся адкрытай і сумленнай размовы на вачах усяго народа? Калі Вы не прымеце маю прапанову аб дэбатах у тэлеэфіры перад выбарамі, значыцца, Вы – баязьлівец”.

Гэта былі запісаныя сёньня фрагмэнты выступаў Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча, якія павінны прагучаць па першай праграме дзяржаўнага радыё 6 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG