Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Вінцэнт Жук-Грышкевіч (23.2.1903 – 14.2.1989)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

“Я вучыўся і рос пад уплывам братоў Луцкевічаў” – ня раз казаў Вінцэнт Жук-Грышкевіч. Зь Іванам Луцкевічам сустрэцца ён не пасьпеў, бо калі ў 1920-м прыехаў з роднага Будслава паступаць у Віленскую беларускую гімназію, старэйшы з братоў ужо ня жыў. Што да Антона Луцкевіча, дык той выкладаў у гімназіі беларускую літаратуру. Праз колькі гадоў выкладчыкам там стаў сам Вінцэнт, які вярнуўся ў Вільню з Прагі з дыплёмам факультэту славянскай філялёгіі й гісторыі Карлавага ўнівэрсытэту.

Пагартаўшы ў верасьні 1939-га дасье на маладога пэдагога, які быў яшчэ й сябрам “Беларускага навуковага таварыства” і “Таварыства беларускай ўколы”, у НКВД ня вагаючыся выпісалі ордэр на арышт. Пасьля знаёмства з Лукіскай, Беластоцкай, Вілейскай, Менскай і Полацкай турмамі “сацыяльна небясьпечны элемэнт” атрымаў 8 гадоў лягераў.

Вырвацца на волю ўдалося, уступіўшы ў войскі польскага эміграцыйнага ўраду. Жук-Грышкевіч прайшоў па дарогах Іраку, Палестыны й Эгіпту, браў удзел у бітве пад Монтэ-Касына.

Ён быў першым старшынём першай эміграцыйнай арганізацыі “новай хвалі” – “Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі”. У Канадзе абараніў доктарскую дысэртацыю на тэму “Лірыка Янкі Купалы”. На два гады вяртаўся ў Эўропу, дзе працаваў у беларускай сэкцыі радыё “Вызваленьне”.

Ад 1970 да 1982 году Вінцэнт Жук-Грышкевіч узначальваў Раду БНР.

Ён пакінуў багатыя мэмуары, сярод якіх – згадка пра сьвяткаваньне ў савецкай турме Дня 25 сакавіка. “Ужо ў часе ранішняй прагулкі мы заўважылі на сьценах у розных месцах напісы алоўкам – лічбу 25 і літару “С”. Пры набліжэньні групаў з розных камэраў чуліся словы “дваццаць пяць”. Гэты ўспамін прачытваецца па-новаму, калі ведаеш, што праз 60 гадоў твае знаёмыя прыкладна так адзначалі Дзень Волі ў турэмных камэрах сувэрэннай Рэспублікі Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG