Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы Бэльгіі перадалі пэтыцыю ў беларускую амбасаду


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня беларусы Бэльгіі перадалі пэтыцыю ў пасольства Беларусі ў гэтай краіне. У дакумэнце выказваецца рашучы пратэст супраць зьбіцьця апазыцыйнага кандыдата на пасаду прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Казуліна. Пэтыцыю прыйшлося перадаваць пры дапамозе бэльгійскіх паліцыянтаў.

Беларусы прыехалі ў Брусэль з Антвэрпэну адмыслова, каб перадаць свой зварот у пасольства. Супрацоўнікі беларускай амбасады, аднак, адмовіліся выйсьці да іх, каб узяць дакумэнт.

Пасьля прыкладна гадзіннага пікетаваньня будынку амбасады, дапамагчы беларусам узяліся бэльгійскія паліцэйскія, якія ўзялі пэтыцыю і занесьлі яе ў амбасаду. Паводле словаў старшыні Беларуска-Эўрапейскага задзіночаньня Зьмітра Піменава, раней у такіх сытуацыях атрымлівалася абыходзіцца без пасярэдніцтва паліцыі.

(Піменаў: ) “Мы разумеем, што сапраўды там сталі баяцца. Раней нехта выходзіў, на відэа здымалі, фатаграфіі рабілі, а цяпер ніхто праз цэнтральны ўваход нават не выходзіў – толькі праз другі хадзілі. Выйшлі нейкія людзі – беларусы, яны сказалі, што пагаджаюцца з намі, падтрымліваюць нашу пэтыцыю, але прасілі не рабіць здымкі, бо, кажуць "будуць у нас непрыемнасьці з-за гэтага"”.



У пэтыцыі, якая ўсё ж трапіла ў амбасаду, беларусы Бэльгіі патрабуюць ад беларускіх уладаў спыніць рэпрэсіі супраць апазыцыі і пакараць вінаватых у тым, што здарылася ўчора з Аляксандрам Казуліным, а таксама тых, хто мае дачыненьне да зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў. У пэтыцыі гаворыцца што перадусім да адказнасьці павінен быць прыцягнуты Зьміцер Паўлічэнка.

(Піменаў: ) “Мы сваёй пэтыцыяй хацелі зьвярнуць увагу на тое, што чалавек, які зьбіў Казуліна, зьвязаны са зьнікненьнямі апазыцыйных палітыкаў і журналістаў. Патрабуем, каб яго прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці за ўсё гэта”.

У дзень выбараў – 19 сакавіка беларусы Бэльгіі маюць наладзіць вялікі пікет каля беларускай амбасады ў Брусэлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG