Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча падазраюць у тэрарызме


Радыё Свабода У актывіста ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча ў Шчучыне Васіля Бязьмена канфіскавалі матэрыялы з уласнага архіву, сыстэмны блёк кампутара і дыскеты.

Ператрус працягваўся больш трох гадзінаў. Міліцыянты прад’явілі пастанову пракурора і запрапанавалі, каб Васіль Бязьмен прадставіў выбуховыя рэчывы. Яны паведамілі, што ператрус праводзіцца ў сувязі з крымінальнай справай, якая ўзбуджана па факту тэрарызму. Што гэта за справа, і якое дачыненьне да яе мае Васіль Бязьмен не патлумачылі. Хаця, як заўважае Васіль Бязьмен, відавочна, што выбуховых рэчываў ніхто не шукаў, перавярнулі ўсю бібліятэку і архіўныя паперы.

Васіль Бязьмен запатрабаваў, каб дазволілі падчас ператрусу прысутнічаць ягонаму адвакату, але міліцыянты адмовілі.

Сябры ініцыятыўнай групы Мілінкевіча ў Шчучыне занепакоеныя яшчэ адной акалічнасьцю – на працягу дня яны ня здолелі знайсьці кіраўніка групы Сяргея Ляшкевіча. Ягоны тэлефон не адказвае. Апошні раз Сяргей Ляшкевіч патэлефанаваў Васілю Бязьмену яшчэ ў абед і паведаміў, што ідзе ў пракуратуру. Ён хацеў пацікавіцца лёсам скаргі, якую напісаў на супрацоўнікаў міліцыі. Тыя на працягу тыдня, па словах Васіля Бязьмена, затэрарызавалі яго, безпадстаўна кожны дзень выклікалі ў пастарунак праз тэлефон, а таксама наведваліся на кватэру.

Учора Сяргей Ляшкевіч быў у міліцыі. Намесьнік начальніка адзьдзела аховы і правапарадку абвінаваціў яго ў расклейваньні інфармацыйных улётак, у якіх паведамлялася месца і час сустрэчы з А.Мілінкевічам. Ён не прывёў ніякіх доказаў, што гэта рабіў Сяргей Ляшкевіч, але ў той самы час папярэдзіў яго, што пратакол ужо складзены і перададзены ў адміністрацыйную камісію.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG