Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шушкевіч пра Усебеларускі Сход: "Ён будзе хлусіць, хлусіць, хлусіць..."


Алесь Дашчынскі, Менск Як ацэньваюць ў штабах іншых кандыдатаў у прэзыдэнты правядзеньне кіраўніком Беларусі Ўсебеларускага народнага сходу?

Старшыня Нацыянальнага камітэту Анатоль Лябедзька заявіў, што гэта насамрэч сход прыхільнікаў кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі.

(Лябедзька: ) “Але ўзьнікаюць пытаньні, чаму адзін кандыдат можа праводзіць такія піяр-кампаніі за кошт усіх падаткаплатнікаў, у тым ліку і тых выбарцаў, якія хочуць аддаць свой голас за Мілінкевіча ці Казуліна”.

Выступ на сходзе Аляксандра Лукашэнкі спадар Лябедзька назваў сумесьсю Жырыноўскага і Фідэля Кастра. Там не прагучалі новыя ідэі, якія б аб’ядноўвалі краіну.

(Лябедзька: ) “Гэта чалавек, які сілай хоча ўтрымацца ля ўлады і ён гэтага не хаваў. Канфрантацыйныя заявы і Лукашэнка дэманстраваў, што ён гатовы ісьці праз усё, каб захоўваць уладу ў сваіх руках”.

Станіслаў Шушкевіч кажа, што гэтае мерапрыемства нагадвае савецкія часы і назваць яго народным сходам нельга.

(Шушкевіч: ) “Гэта свая хеўра выбірала сваіх прадстаўнікоў. Зразумела, што гэта перадвыбарчае мерапрыемства. Зараз будуць па тэлебачаньні круціць усе дні і Лукашэнка будзе абяцаць усім вялікія грошы, павышэньне пэнсій, зарплат. Ён будзе хлусіць, хлусіць і хлусіць. Як хлуcіць усё жыцьцё, як хлусіць наша статыстыка. Гэта яшчэ адна накачка, тое, што было ва ўсіх дыктатараў, у Сталіна”.

Сябра штабу Аляксандра Казуліна Ўладзімер Нісьцюк кажа, што гэта спэктакль, на які не ўдалося купіць квіток. Аляксандар Казулін кажа, што за тыдзень да сходу ўсе выступоўцы абавязаны былі здаць тэксты сваіх выступаў у адміністрацыю прэзыдэнта.

(Казулін: ) “А на Ўсебеларускім сходзе будуць толькі дэкарацыі, акторы, якія кажуць чужымі языкамі і на якіх маскі. Гэта баль-маскарад. Маскі ўжо пара зрываць і паказаць, што Лукашэнка ўжо не карыстаецца народнай падтрымкай. Гэта проста назывваецца перадвыбарчы адабрям-с і прысяганьне на верасьць Лукашэнку”.

Аляксандар Казулін пытаецца, каго баяцца дэлегаты, калі палац, дзе праходзіць сход, ачэплены ўзмоцненым кардонам сілавых структур.

(Казулін: ) “Чаму Лукашэнка праводзіць Усебеларускі сход падчас выбарчай кампаніі? Ён што, ужо абраны прэзыдэнт? Альбо ён вырашыў кіраваць вечна. Нам толькі цароў з калгасу не хапае”.

Генэрал Валеры Фралоў браў удзел у папярэдніх Усебеларускіх сходах і лічыць, што яны не адлюстроўваюць волю народа.

(Фралоў: ) “Панты поўныя, паказуха. Ну, трэба сабраць народ, прадэманстраваць адзіную волю, як раней праводзіліся зьезды партыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG