Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страйк у прадпрымальнікаў не атрымаўся


Радыё Свабода Сёньняшні страйк гандляроў, якія пратэставалі супраць дзяржаўнай палітыкі ў сфэры дробнага бізнэсу, ня быў масавым. Ініцыятары акцыі лічаць гэта наступствам ціску ўладаў, а шараговыя бізнэсоўцы мяркуюць, што страйк не падрыхтаваны.

У Менску ў страйку ўдзельнічала невялікая колькасьць гандляроў. Гаворыць прадпрымальнік рынку “Ждановічы” Аляксандар Талстыка:

(Талстыка: ) “20 працэнтаў не працуе, астатнія працуюць. Большая частка працуе. Людзі запалоханыя і баяцца. Чаго баяцца, я ня ведаю”.

Нязначная колькасьць бізнэсоўцаў падтрымала страйк і ў рэгіёнах. Гаворыць адзін з ініцыятараў акцыі, актывіст прадпрымальніцкага руху Ігар Леднік:

(Леднік: ) “Напярэдадні страйку тэлефанавалі нашы сябры з рэгіёнаў, якія казалі, што быў вельмі значны ціск на прадпрымальнікаў, на лідэраў. Напрыклад, у Барысаве выканаўчая ўлада зьбірала прадпрымальнікаў, каб тыя не выходзілі на гэты страйк. Спэцслужбы працуюць”.

Спадар Леднік нагадаў, што калі страйк рыхтаваўся, пакаралі 10-дзённым арыштам лідэра менскіх прадпрымальнікаў Аляксандра Макаева, які распаўсюджваў інфармацыю пра акцыю. Па арышце лідэры прадпрымальнікаў, якія выступалі за акцыю, страцілі імпэт. Гаворыць актывіст прадпрымальніцкага руху з Баранавічаў Мікалай Чарнавус:

(Чарнавус: ) “У нас цішыня. Гэта Менск ладзіў, ніхто нас не папярэджваў, ніхто нам больш нічога не казаў. Калі Менск будзе страйкаваць, то мы іх падтрымаем. Вось як было”.

Страйк не адбыўся сёньня і ў Лепелі — нягледзячы на тое, што мясцовыя гандляры пра акцыю ведалі. Вось што паведаміў тутэйшы актывіст прадпрымальніцкага руху Алег Тычына:

(Тычына: ) “Рада прадпрымальнікаў, якая была прызначана райвыканкамам, гэты тыя людзі, якія ляяльныя да гэтай улады. І яны хаваюць інфармацыю пра страйкавую сытуацыю ў краіне”.

Між тым, ва ўладных структурах лічаць, што ў прадпрымальнікаў няма прычынаў ладзіць акцыі пратэсту. У прыватнасьці, як паведаміла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Тацяна Сафроненка, новы закон аб прадпрымальніцкай дзейнасьці, які выклікаў нэгатыўную рэакцыю бізнэсоўцаў, яшчэ не прыняты:

(Сафроненка: ) “Супраць чаго можна выступаць, калі над законам яшчэ вядзецца праца?! Магчыма, што закон толькі вынесуць у першым чытаньні на вясновую сэсію”.

Ініцыятары страйку мяркуюць, што сёньняшняя пасіўнасьць прадпрымальнікаў не азначае, што праблемаў няма. Паводле Ігара Ледніка, гэтыя праблемы прымусяць гандляроў актыўна змагацца за свае правы:

(Леднік: ) “У першую чаргу, каб прывесьці дзейнае заканадаўства ў адпаведнасьць з Канстытуцыяй. Таму што цяпер і дэкрэты і ўказы поўнасьцю парушаюць права прадпрымальнікаў распараджацца сваёй уласнасьцю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG