Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія палітыкі рэагуюць на зьбіцьцё Казуліна


Радыё Свабода Эўракамісар Бэніта Фэрэра Вальднер асудзіла сур’ёзныя парушэньні ў правядзеньні выбарчай кампаніі ў Беларусі. Яна заявіла, што ЭЗ асабліва занепакоены сёньняшнімі паведамленьнямі пра затрыманьне і зьбіцьцё Аляксандра Казуліна -- аднаго з чатырох кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі. Яна таксама ўзгадала апошнюю дэклярацыю, прынятую міністрамі замежных справаў ЭЗ пра гатовасьць увесьці далейшыя санкцыі супраць адказных беларускіх асобаў, калі выбары ня будуць дэмакратычнымі.

Кіраўнік падкамітэту Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў справах Беларусі Андрэс Херкель сказаў Радыё Свабода, што сёньняшні выпадак у Менску пагоршыць і так “неспрыяльную атмасфэру, у якой праходзяць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі”.

(Херкель: ) “Атмасфэра перад выбарамі ў Беларусі не спрыяе таму, каб гэтыя выбары былі свабоднымі і справядлівымі. А калі ў Менску здараюцца яшчэ і такія рэчы, гэта можа толькі пагоршыць сытуацыю. Як вядома, місія міжнароднага назіраньня падзеленая на дзьве часткі – назіраць за галасаваньнем у дзень выбараў, але таксама і ацаніць, што адбываецца перад выбарамі, у часе кампаніі. З гэтага пункту гледжаньня я магу толькі выказаць сваю глыбокую занепакоенасьць”.

Віцэ-сьпікер Эўрапейскага парлямэнту Януш Анышкевіч заявіў Радыё Свабода, што зьбіцьцё Аляксандра Казуліна зьвязанае зь ягоным выступам на тэлебачаньні:

(Анышкевіч: ) “Спадар Казулін абвінаваціў Лукашэнку шмат у чым. Ягоны выступ быў вельмі эмацыйны. Нашыя газэты пісалі, што некаторыя беларусы нават падумалі, пабачыўшы прамову Казуліна, што ў краіне быў зьдзейсьнены пераварот, і што Лукашэнка ўжо не пры ўладзе. Натуральна, што гэта выклікала ў беларускіх уладаў моцнае раздражненьне. Яны вырашылі паказаць, што надалей моцныя. Але гэта, на жаль, прыняла недапушчальныя формы”.

Старшыня дэпутацкай групы польскага Сэйму на карысьць салідарнасьці зь Беларусьсю Робэрт Тышкевіч лічыць, што апошнія падзеі ў Беларусі сьведчаць аб тым, што гэтым разам беларускія ўлады нават не зьбіраюцца ствараць уражаньне, што выбары будуць свабоднымі і дэмакратычнымі.

(Тышкевіч: ) “Варта зьвярнуць увагу на рэзалюцыю Эўрапарлямэнту, якая акрэсьлівае чатыры ўмовы, якія трэба выканаць, каб выбары ў Беларусі былі прызнаныя Эўропай свабоднымі і дэмакратычнымі. Адзін зь іх прадугледжвае неадкладнае спыненьне перасьледу кандыдатаў і іх паплечнікаў. Такім чынам, адну з гэтых умоваў рэжым Лукашэнкі ўжо “выканаў”. Гэтыя абсалютна супярэчыць нормам правядзеньня выбарчай кампаніі. Мэта такіх захадаў – запалохаць апазыцыйных кандыдатаў, людзей якія іх падтрымліваюць. Ужо сёньня можна сказаць, што прэзыдэнцкія выбары супярэчаць усім дэмакратычным нормам”.

Паводле Робэрта Тышкевіча, цяпер рыхтуецца рэзалюцыя польскага Сэйму ў справе хады перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі, дзе зьбіцьцё Аляксандра Казуліна будзе абавязкова адзначанае.

Браніслаў Камароўскі – віцэ-сьпікер Сэйму і ў мінулым актыўны ўдзельнік антыкамуністычнага руху ў Польшчы кажа, што мэтады, кія выкарыстоўваюць беларускія ўлады, добра яму знаёмыя.

(Камароўскі: ) “У Польшчы перад сьнежнем 1981 году, перад увядзеньнем ваеннага становішча, камуністычныя ўлады распаўсюджвалі сярод людзей – перадусім сярод міліцыянтаў, вайскоўцаў, чыноўнікаў – міт аб страшнай “Салідарнасьці”, якая будзе забіваць сем’і людзей, зьвязаных з гэтай уладай.

Я добра памятаю настрой нянавісьці да нас, які панаваў сярод часткі грамадзтва, бо гэтыя няшчасныя людзі паверылі, што “Салідарнасьць” будзе помсьціць. Гэта, канечне, была абсалютная няпраўда, элемэнт прапаганды, каб аб’яднаць прыхільнікаў камуністычнага рэжыму.

Як тады ў Польшчы, так і цяпер у Беларусі людзей запалохваюць пэрспэктывай радыкальных зьменяў, якія зробіць апазыцыя.

Але ж гэта зразумела, што як калісьці польская, так цяпер і беларуская апазыцыя не хацела і ня хоча выкарыстоўваць нейкай сілы, баевікоў, бо іх папросту ня мае! Лукашэнка проста хоча дыскрэдытаваць апазыцыю ў вачах людзей, зьвязаных з ягоным рэжымам”.

• Кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін зьбіты камандзірам брыгады спэцназу Дзьмітрыям Паўлічэнкам (фотарэпартаж) • Казуліна зьбілі, а потым затрымалі і адвезьлі ў міліцыю • Мілінкевіч выказаў салідарнасьць з Казуліным • Міліцыянты затрымалі і зьбілі прыхільнікаў Аляксандра Казуліна і журналістаў, каля пастарунку чуліся стрэлы • Да Казуліна выклікалі хуткую дапамогу • Пракуратура: у міліцыі Казулін разьбіў партрэт Лукашэнкі • Паводле неафіцыйных зьвестак, Казуліна могуць зьняць з выбараў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG