Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста са штабу Мілінкевіча пасадзілі на пяць сутак


Радыё Свабода Сёньня судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Горадні Людміла Жук пакарала арыштам “за дробнае хуліганства” Вадзіма Саранчукова — намесьніка кіраўніка гарадзкога штабу Мілінкевіча. Вадзіма затрымалі ўчора раніцай непадалёк ад дому міліцыянты ў цывільным, яго даставілі ў пастарунак і не адпускалі да суду. Учора судзьдзя Жук вырашыла пакінуць Саранчукова пад вартай да сёньняшняй раніцы.

У суд Вадзіма Саранчукова даставілі два афіцэры міліцыі — маёр і капітан. Вадзім сказаў мне, што начаваў у камэры, дзе было шасьцёра чалавек. Ён патлумачыў судзьдзі, што неўзабаве пасьля таго, як выйшаў з дому, яго затрымалі два міліцыянты, машына якіх стаяла каля ягонага дому — выглядае, яго чакалі.

Міліцыянты Сяргей Бандарык і Ігар Новік сказалі, што з шостай раніцы шукалі прадаўцоў цыгарэтаў і фальшывай гарэлкі, а тут убачылі Саранчукова, які нібыта мачыўся на вачах у мінакоў. У пратаколе яны запісалі, што ён “абражаў дзейнае заканадаўства і ўлады”. Адвакат Аляксандар Бірылаў спрабаваў высьветліць, што яны мелі на ўвазе, аднак міліцыянты нічога канкрэтнага не адказалі.

Судзьдзя Людміла Жук разглядала справу ў судовай залі, а вось паведаміць прысуд пажадала толькі Саранчукову з адвакатам і толькі ў сваім кабінэце. Адвакат Аляксандар Бірылаў рашэньне судзьдзі ацэньвае так:

(Бірылаў: ) “Я лічу, што яно было неабгрунтаваным, паколькі зыходзячы з пазыцыі Саранчукова і тых доказаў, што ёсьць у матэрыялах справы, мне здаецца, што тут адсутнічае склад правапарушэньня. Я лічу, што яно павінна быць абскарджана”.

Прадстаўнік гарадзенскага штабу Мілінкевіча Віктар Сазонаў быў на судзе, ягонае меркаваньне:

(Сазонаў: ) “На маю думку, усё тут зроблена, каб гарадзенскія актывісты, у тым ліку Саранчукоў, які працуе вельмі актыўна ў гарадзкім штабе Мілінкевіча, былі якімсьці чынам здэмаралізаваныя, выбітыя з працэсу, гэта па-першае. І па-другое, усё адбылося менавіта ў гэты час дзеля таго, каб людзі не змаглі трапіць сёньня ў Менск на сустрэчу зь Мілінкевічам”.

У Горадні сёньня былі выкліканы на допыт прынамсі сямёра — кіраўніцтва абласнога штабу Мілінкевіча на чале з Анатолем Хацьком ды іншыя актывісты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG