Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БТ зьняла з эфіру беларускамоўныя “Падарожжы дылетанта”


Радыё Свабода Ад мінулай нядзелі ў эфіры Беларускага тэлебачаньня больш няма гістарычнага цыклю Юрыя Жыгамонта “Падарожжа дылетанта”. У кіраўніцтве БТ кажуць, што праграма выпрацавала свой патэнцыял, але вядучы праграмы не адкідае іншых прычынаў яе закрыцьця.

Беларускае тэлебачаньне не працягнула дамову з аўтарамі беларускамоўнай праграмы “Падарожжа дылетанта”. Апошняя праграма выйшла ў нядзелю 19 лютага, яна прысьвячалася Плешчаніцам.

Вядучы Юры Жыгамонт канчаткова з тэлегледачамі не разьвітаўся, хаця пэўна ведаў, што праграма спыняецца. Мінулай нядзеляй замест “Падарожжа дылетанта” гледачы ўбачылі рэпартаж з турніру самба на прызы Аляксандра Лукашэнкі.

У прэсавай службе Беларускага тэлебачаньня гэтак патлумачылі спыненьне праграмы “Падарожжа дылетанта”:

(Супрацоўнік прэсавай службы: ) “З 2003 году выйшла болей за 150 праграмаў “Падарожжаў дылетанта”. За гэты час краязнаўчая тэматыка праграмы была фактычна вычарпаная. Падарожжы сталі абмяжоўвацца вузкім геаграфічным колам, што адбілася на іх арыгінальнасьці і якасьці”.

Між тым, вядучы праграмы Юры Жыгамонт мяркуе, што прэтэнзіі да праграмы маюць іншы характар:

(Жыгамонт: ) “Фактычна, гэта была адзіная беларускамоўная праграма на Беларускім тэлебачаньні на гэтую тэму. Я не шкадую, што выказаўся пра сапраўдныя прычыны закрыцьця праграмы. Прыйдзе час, і яна адновіцца”.

Паводле вядучага, некаторыя кіраўнікі БТ называлі непраўдзівымі крыніцы, зь якіх аўтары “Падарожжаў” бралі зьвесткі пра гісторыю Беларусі. Рэкамэндаваныя крыніцы для падрыхтоўкі праграмы падаюць Кастуся Каліноўскага зусім не нацыянальным героем Беларусі, а здраднікам, які імкнуўся прадаць радзіму палякам.

Іншы погляд маюць некаторыя кіраўнікі БТ і на расейскага цара Івана Жахлівага, кажа Юры Жыгамонт:

(Жыгамонт: ) “Што ён нібыта выратаваў Беларусь ад "літоўскага іга"”.

Паводле Юрыя Жыгамонта, некаторыя з гэтых прэтэнзіяў да праграмы зьявіліся пасьля таго, як намесьнікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі быў прызначаны Юры Азаронак. Аднак вядучы прызнаў, што сам ён гэтых прэтэнзіяў ад Азаронка ня чуў.

Ці зьявіцца праграма на экранах зноў? Прадусар “Падарожжа дылетанта” Леанора Ісаеня згадала, што бывалі выпадкі, калі з розных прычынаў праграма не выходзіла, але потым аднаўлялася. Леанора Ісаеня спадзяецца на вяртаньне ў эфір.

Тым часам на БТ запэўніваюць, што па часе на першым нацыянальным канале зьявіцца іншы праект з падобнай тэматыкай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG