Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці патаньнее платнае навучаньне пасьля ўказу Лукашэнкі?


Радыё Свабода Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб адзінай сыстэме цэнаўтварэньня пры аплаце навучаньня ў дзяржаўных вышэйшых і сярэдніх навучальных установах. Паводле дакумэнту, прыбытак навучальнай установы не павінен перавышаць 30% ад платы за навучаньня. Міністэрства адукацыі лічыць, што новы ўказ палепшыць дабрабыт навучэнцаў, а незалежныя адмыслоўцы мяркуюць, што гэта перадвыбарчы піяр.

У Міністэрстве адукацыі паведамілі, што кошт аплаты навучаньня па-ранейшаму будуць фармаваць навучальныя ўстановы, а яе памер і надалей будзе розьніцца ў залежнасьці ад ВНУ і ягоных факультэтаў. Але цяпер студэнтаў-платнікаў чакае палёгка. Хоць плата за навучаньне, як лічыць кіраўніца ўправы Міністэрства адукацыі Лідзія Субоцкая, і так надзвычай нізкая.

(Субоцкая: ) “Улічваючы, што сёньня 800 даляраў на год за навучаньне — кошт вельмі нізкі, гэты дакумэнт — гэта крок наперад. Раней у нас было без абмежаваньня рэнтабэльнасьці. Натуральна, што зьніжэньне да 30% — гэта ж ня 40%, як раней было”.

Наколькі напраўду зьнізіцца кошт платнага навучаньня, у Міністэрстве адукацыі, БДУ і іншых вышэйшых навучальных установах паведаміць адмовіліся. Былы прарэктар Белдзяржунівэрсытэту Анатоль Паўлаў у інтэрвію “Свабодзе” заявіў, што казаць пра платнае навучаньне ў дзяржаўных установах увогуле не прымальна.

(Паўлаў: ) “Платнае навучаньне ў дзяржаўнай ВНУ — гэта нонсэнс, па вялікім рахунку. Бо людзі, заплаціўшы свае падаткі, аплацілі навучаньне свайго дзіцяці. Гэта, фактычна, падвойная аплата бацькамі навучаньня свайго дзіцяці. Гэта ўсё звычайны папулізм — тут перад выбарамі шмат чаго наабяцаюць”.

Паводле спадара Паўлава, прапанаваныя прэзыдэнцкім указам зьніжкі ў аплаце для некаторых студэнтаў, а таксама перавод выдатнікаў на бюджэтную форму навучаньня ў сыстэме вышэйшай школы дзейнічаюць ужо некалькі гадоў. Перадвыбарчым піярам наваствораны ўказ называе таксама дырэктар зачыненага Беларускага ліцэю Ўладзімер Колас:

(Колас:) “Безумоўна, што гэта перадвыбарчы піяр, бо заўсёды знаходзяцца шляхі абыходу любых указаў і любых абмежаваньняў у падвышэньні прыбытку. Я памятаю асабіста, як спадар Лукашэнка кляўся, што даляр ня будзе каштаваць больш за 12 рублёў — і колькі цяпер каштуе даляр? Усё гэта, безумоўна, перадвыбарчае крывадушша і заляцаньне да электарату, і ня больш”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG